НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ДРЭВЫ
Маладзечаншчыны
 
На Маладзечаншчыне ёсць незвычайныя дрэвы, якія радуюць прыгажосцю дзесяцігоддзямі, а пасля набываюць другое жыццё ў мэблі або іншых прадметах, якія прыносяць не менш карысці. У нашым сумесным праекце з Мінскім мэблевым цэнтрам мы расказваем пра адметныя дрэвы і маладзечанскі лес.

Каб цалкам акунуцца ў атмасферу лесу, глядзіце на ноўтбуку або камп'ютары з якаснай інтэрнэт-сувяззю і ўключайце аўдыёзапісы
Адметныя дрэвы Маладзечанскага раёна
На тэрыторыі Маладзечанскага раёна 12 батанічных аб'ектаў трапілі ў спіс асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый. Гэтыя дрэвы стануць не толькі добрым месцам для вандроўкі, але і героем запамінальных фотасесій.
Чаму сосны так любяць маладзечанскі лес
Падрабязна пра лес і яго асаблівасці расказаў галоўны ляснічы Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Маладзечанскі лясгас» Андрэй Шыбека.
Які лес
на Маладзечаншчыне
Маладзечанскі лясгас размешчаны на тэрыторыі Маладзечанскага, часткова Валожынскага, Вілейскага і Мінскага раёнаў. Плошча лясгаса складае каля 49 000 гектараў.

У лясах лясгаса пераважна растуць хвойныя пароды, доля такіх насаджэнняў прыблізна 78,3%. Сярод іх сасна, якая складае 58,4% ад усёй колькасці. Астатнюю плошчу займаюць іншыя лесаўтваральныя пароды – мяккалісцевыя (бяроза, асіна, вольха) – 20%, цвёрдалісцевыя (дуб і ясень) – 1,7%. 75% насаджэнняў знаходзіцца на сухадолах.

Па ўзроставай структуры маладнякі складаюць 17%, сярэднеўзроставыя – 45,6%, прыспяваючыя – 28%, спелыя – 8,6%.

Маладняк – лес ад моманту пасадкі і прыкладна да 20 год – дакладная лічба залежыць ад пароды. Сасна за гэты час дасягае ў дыяметры сантыметраў 10-12, а ў вышыню – 6-10 метраў.
Сярэднеўзроставы – калі лес актыўна расце і патрабуе ўважлівага догляду за сабой. На працягу развіцця дрэвы змагаюцца паміж сабой і іншымі раслінамі за жыццёвую прастору. Чым большыя памеры дрэў, тым цясней ім расці з суседзямі. Таму на гэтым этапе вельмі важна своечасова прыйсці з лесагаспадарчымі мерапрыемствамі догляду за лесам. Прарэджваць высечкамі, каб прыбраць слабейшыя, адстаючыя ў росце дрэвы, не дазваляць станавіцца крыніцай шкоднікаў і хвароб лесу.

Прыспяваючы – лес падыходзіць да ўзросту сталасці. Ужо няма такога інтэнсіўнага прыросту. Драўніна становіцца больш шчыльнай і якаснай.

Спелыя лясы – драўніна дасягнула сваіх найлепшых тэхнічных якасцяў, надыходзіць час збору ляснога ўраджаю. Для сасны гэта – 90-100 год (у залежнасці ад катэгорыі лясных земляў), елкі – 80 год, бярозы і асіны – 50 год. У гэты час драўніна гатова, каб яе выкарысталі ў гаспадарцы. Напрыклад, далі другое жыццё ў мэблі, або на будоўлі дома.

У залежнасці ад метада лесааднаўлення выбіраюцца і метады правядзення высечак у спелых лясах. Перавага аддаецца паступовым высечкам з захаваннем самасеву леса, каб ён хутчэй аднаўляўся, пачынаў расці маладняк каштоўных парод.
Дрэвы автор: Зоя Хруцкая
Чаму
на Маладзечаншчыне так шмат сасны

У залежнасці ад склада і вільготнасці глебы на ёй растуць канкрэтныя дрэвы, для якіх такія ўмовы найбольш спрыяльныя. У балоце растуць расліны, якім камфортныя балотныя ўмовы. А на сухой тэрыторыі растуць сухалюбівыя расліны.

Так і з лесам – пераважна растуць тыя пароды, якія маюць канкурэнтныя перавагі перад іншымі ў канкрэтных умовах. У мшыстых, сухіх тыпах лесу найлепш расце сасна. У такіх умовах сасна добра сама распаўсюджвае насенне, яно ўзыходзіць. А падчас росту не дазваляе іншым пародам развівацца ў вялікай колькасці.

Варта ўлічваць, якія дрэвы могуць суседнічаць, а якія замінаюць адно аднаму. Напрыклад, сасна і бяроза «сябруюць», і могуць расці на адной тэрыторыі. На пляцоўках, дзе больш вільготныя ўмовы і больш багатая глеба, развіваецца елка. Яна мае канкурэнтныя перавагі, можа выжыць і ў траве, і ў малінніку. У багатых умовах вакол сасны можна ўбачыць высокую траву, але тады трава заглушае дрэва, і сасна можа загінуць. А вось елка вытрымлівае зацяненне, суседства іншых раслін. І хоць марудна, але расце. І з цягам часу ўжо яна падымаецца ў верхні ярус і замінае развіццю іншай расліннасці.

Там, дзе забалочаныя ўчасткі, добра растуць бярозы, вольхі, асіны. Яны хутка вырастаюць і не дазваляюць развівацца іншым пародам.

Калі разглядаць лес у перспектыве, спачатку ў ім растуць хуткарослыя пароды – лісцевыя. Яны хутка саспелі, пачынаюць гніць, падаць. На гэтым месцы з'яўляецца елка, якая паступова цягнецца ўверх. У спелым яловым лесе можна глянуць угору – і вы ўбачыце, што дрэвы змыкаюцца кронамі, а ўнізе цень, і расці можа толькі мох. А пачыналася ўсё з багатага рознатраўя, малінніку і кустоўя.

У нас такія глебы, што больш даюць магчымасці расці сасновым лясам. Перад тым, як закладваць культуры, неабходна прааналізаваць глебава-раслінныя ўмовы, каб зразумець, склад якіх парод будзе тут расці лепш.

Калі пасадзіць адну сасну, яна, з часам, будзе хварэць і ўсё насаджэнне можа загінуць. Сасну варта садзіць у сумесі з бярозай. Дуб садзім з елкай або ліпай – яму трэба, каб штосьці было вакол, але галава была адкрыта, каб мог выцягнуцца і расці ўверх.

Для таго, каб лясная гаспадарка была паспяховай, размеркаванне дрэваў кожнай з чатырох узроставых груп (маладняк, сярэднеўзроставы, прыспяваючы, спелы) павінна быць прыкладна пароўну. Лясніцтвы і імкнуцца да такога размеркавання. Але ў жыцці дасягнуць такога няпроста. Лес расце прыкладна сто год, за гэты час паспявае адбыцца шмат падзей. Таму гэтая прапорцыя ва ўсіх лясах Беларусі парушаная. У пэўныя перыяды часу была неабходнасць высекчы больш лесу, чым было гатовых для гэтага дрэвастояў. Напрыклад, у 20 стагоддзі падчас і пасля войнаў дрэва высякалі больш, чым іх саспявала. Хаця гэтых прапорцый імкнуцца дасягаць.

– Часам жыхары ў сацыяльных сетках уздымаюць шум, што леснікі бязлітасна знішчаюць лес, – дзеліцца Андрэй Шыбека. – Як галоўны ляснічы я маю сваё меркаванне па гэтым пытанні. Не настолькі гэта страшна, як часам пра гэта пішуць. У звычайны перыяд часу, а не экстрымальны, як напрыклад, у вайну, высякаюць прыкладна аднолькавую колькасць лесу. Але ў адзін перыяд саспяваюць дрэвы, размешчаныя далёка ад вачэй жыхароў, а часам надыходзіць час спеласці тых участкаў, што знаходзяцца навідавоку.

З развіццём сучасных машын і механізмаў з'явілася магчымасць выкарыстоўваць больш ашчадныя для лясной экасістэмы тэхналогіі лесакарыстання, зберагаць лясную посцілку, падрост і падлесак, ахоўваць біялагічную разнастайнасць у лесе. Тым больш, што гэтыя крытэрыі –асноўныя пры штогадовым міжнародным аўдзіце ляснога сертыфіката FSC, які на добраахвотнай аснове атрымаў Маладзечанскі лясгас. Гэтым пацвердзіў сваё імкненне да экалагічнага, сацыяльна і эканамічна адказнага лесакарыстання. На гэты час 100% лясоў Маладзечаншчыны FSC сертыфікаваныя.

Як даглядаюць лес
Лясная гаспадарка суправаджае жыццё лесу ад сбору насення да галоўнай высечкі і выконвае розныя накірункі працы. Лесааднаўленне – калі збіраюць насенне, вырошчваюць на пітомніку пасадачны матэрыял. Пасля высаджваюць у лесе і даглядаюць, каб культуры не заглушыла непажаданая расліннасць.

– Часам называем, што гэта наш дзіцячы садок, – расказвае галоўны ляснічы. – Таго, што вырошчваем на пітомніку, хапае сабе, яшчэ і прадаём іншым пасадачны матэрыял.

Можна ісці двума спосабамі – сажаць дрэвы аб дазволіць ім распаўсюджвацца самастойна. Важна зрабіць так, каб на пэўным участку леса раслі менавіта тыя пароды, якія леснікі хочаць там бачыць. Калі ўсё пусціць на самацёк, то асіны і бярозы пачнуць расці першымі. А больш гаспадарчакаштоўныя, як сасна і елка, заглушацца і знішчацца.

Перыяд лесакарыстання ідзе наступным. Падчас яго праводзяць рубкі догляду, іх яшчэ называюць прарэджваннем. Ад лясной гаспадаркі залежыць многае – ацяпленне дровамі, драўнінная вытворчасць, будаўніцтва. Таму і высечкі праводзяць такім чынам, каб больш драўніны накіраваць на гаспадарчыя патрэбы.

Высечкі могуць быць таксама для праходу, або санітарныя. Гэта яшчэ адзін накірунак – абарона лесу ад хваробаў і шкоднікаў. Напрыклад, часам на лясы нападаюць караеды, якія вынішчаюць вялікія аб'ёмы драўніны. Негатыўна на лес уплывае шэраг фактараў: змяненне клімату, гідралагічныя умовы, уплыў чалавека і іншыя. Яны аслабляюць лес, а шкоднікі тады актывізуюцца і нападаюць на яго.
Яшчэ адно важнае пытанне – ахова лесу ад пажараў. Чым больш сухі і малады лес, тым большая рызыка наступстваў пажару у ім. У засушлівае і ветранае надвор'е знішчаюцца вялікія плошчы. Сярэдні бал пажарнай небяспечнасці ў Маладзечанскіх лясах параўнальна высокі, таму і пажары ўзнікаюць даволі часта. Але плошча іх невялікая, таму што наладжаная сістэма відэаназірання дазваляе своечасова рэагаваць на выпадкі ўзгаранняў.

Леснікі даглядаюць лес на розных этапах, і ў выніку надыходзіць час, калі можна збіраць ураджай. Сэнс любой дзейнасці – атрымаць вынік. Сэнс лясной гаспадаркі – задаволіць і экалагічныя патрэбы, і гаспадарчыя. Спелы лес выкарыстоўваюць у прамысловасці.

Секчы дрэвы патрэбна такім чынам, каб на гэтым участку праз сем гадоў была пакрытая лесам плошча. Для гэтага трэба вылічваць, колькі патрэбна падсадзіць, які стан пляцоўкі – трэба пра многае падумаць, каб пасля атрымаць той вынік, які патрэбны і пакінуць запас на будучыню.

Не самыя гаспадарчакаштоўныя пароды – бяроза, вольха, асіна. Але цяпер любую пароду можна разглядаць як каштоўную, бо кожную можна выкарыстоўваць з сэнсам. Розныя спажыўцы цэняць розную драўніну. Напрыклад, для мэблевай вытворчасці выкарыстоўваюць дуб альбо сасну. Для вытворчасці фанеры патрэбная бяроза або альха. Для паперы або арыентаванай стружкавай пліты патрэбная асіна.

Пераапрацоўка драўніны вельмі развітая, цяпер лічы любы матэрыял можна апрацаваць так, каб пасля выкарыстоўваць у гаспадарцы. Таму паўстае іншае пытанне – што браць на дровы.
У чым перавага сасны
Сасна належыць да хвойных пародаў, хутка расце. Хвойныя пароды больш устойлівыя да знешніх уздзеянняў. З-за таго, што дрэва трывалае, на ім складана зрабіць скол. Раўнамерна смалістае, дзякуючы гэтаму можа доўга захоўвацца.

У даўніну зрубы для дома рабілі ў асноўным з сасны – калі высыхае, дрэва менш трэскаецца, з-за смалістых уласцівасцяў такія дамы стаяць стагоддзямі. У даўніну прамысловасць была ўладкаваная пад сасну. Менавіта яна найбольш распаўсюджаная на нашых землях, таму стагоддзямі назапашвалі досвед, каб з сасны вырабляць рэчы для самых розных мэтаў.

Можна азірнуцца і прааналізаваць, як дрэвы выкарыстоўвалі продкі. Бярозу бралі на дровы, бо ў яе добрая цеплаёмістасць. З маладой елкі рабілі розныя прылады, напрыклад аглоблі – яны трывалыя і лёгкія, калі высыхаюць.

Традыцыйна беларусы прыходзілі ў лес, каб браць яго ўраджай і выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.

Часам у лесе можна знайсці векавыя дубы. Яны трапляюцца нячаста – звычайна іх высаджвалі, каб пазначаць месцы межаў паміж гаспадарамі або рознымі тэрыторыямі.
У першай палове 20 стагоддзя было модна садзіць нетыповыя для мясцовасці дрэвы. Думалі, раптам атрымаецца акліматызаваць пароду, якая больш выгадная з гаспадарчага пункту гледжання. Вынікам аднаго з такіх эксперыментаў і стала з'яўленне насаджэння сасны веймутавай, радзіма якой – Паўночная Амерыка. Калі нашы сосны вырастаюць з двума хваінкамі, то веймутава – з пяццю. Сама драўніна мае чырванаватае адценне, прыгожую тэкстуру. Пляцоўка з такой сасны адрозніваецца ад таго выгляду, які ў звыклым нам сасновым лесе. У такім месцы больш светла, лясная пасцілка з іншых раслін.

Сучасныя міжнародныя патрабаванні за тое, каб падтрымліваць мясцовыя раслінныя віды, таму што калі насаджваць прывазныя, яны могуць непрадказальна знішчаць абарыгенаў.

Лістоўніцы цяпер нехарактэрныя для беларускага леса. Але лічыцца, што гэта мясцовы від, які выціснула сасна – яны не могуць расці разам.

Белую піхту на Маладзечаншчыне садзіў галоўны ляснічы:

– Чым больш разнастайнасці, тым багацей свет, – тлумачыць ён. – Таму ўводзім розныя віды. Ёсць нават участак, дзе расце сібірскі кедр.

Адно з цікавых месцаў для наведвання на Маладзечаншчыне – Верадоўскі дэндрапарк. Раней там была забалочаная тэрыторыя, расцякалася Уша. Пасля месца асушылі і пачалі засаджваць. Цяпер там расце каля 50 відаў дрэў і кустарнікаў. У тым ліку амурскі бархат, які мае коркавую кару. Яе можна выкарыстоўваць для вырабу коркаў для бутэлек. Ёсць дальнеўсходні від позняй чаромхі – з пладоў можна гатаваць пірагі, напрыклад.
Удалыя месцы для фота
Дэндрапарк каля доміка паляўнічага ў Верадове і іншыя адметныя дрэвы. Прыгожы бераг Віліі – там спелы лес, уздоўж берага шмат раслін, якія ўнесеныя ў Чырвоную кнігу. Прыгожае месца на мяжы раёнаў, каля Лоску, паміж Валожынскім і Смаргонскім раёнамі. Там нетыповыя ландшафты – часам аблокі нават зачэпліваюць верхавіны елак.
Чаму ММЦ робіць мэблю з сасны
Сярод оптавых пакупнікоў ММЦ – «IKEA», «ОТТО», «XXX Lutz» і іншыя заказчыкі.
Беларуска-германскае вытворчае сумеснае прадпрыемства «Мінскі мэблевы цэнтр» спецыялізуецца на вытворчасці мэблі з масіву сасны. Мэблю з Маладзечна набываюць ў краінах Заходняй Еўропы, Расіі, ЗША, Кітаі. Ёсць прыхільнікі мэблі ад ММЦ і ў Беларусі.

Вырабляюць мэблю ў ММЦ на сучасным абсталяванні, што дазваляе дасягаць выдатнай якасці. Тут думаюць і пра экалогію: з адыходаў вырабляюць пелеты.

Сярод мэблі вытворчасці ММЦ – ложкі, шафы, камоды і іншыя рэчы, якія ўпішуцца ў любы інтэр'ер ад класікі да мінімалізму і нават брутальнага лофту.

Мэбля з натуральнага дрэва стварае асаблівы мікраклімат у доме, выклікае не толькі эстэтычнае задавальненне, але і станоўча ўплывае на здароўе людзей.
Матэрыял падрыхтаваны дзякуючы інфармацыі, прадастаўленай Маладзечанскім лясгасам, Маладзечанскай раённай інспекцыяй камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мінскім мэблевым цэнтрам.
Made on
Tilda