Маладзечна

70 год гісторыі маладзечанскага футбола
Гісторыя маладзечанскага футбола налічвае 70 год. За гэты час было шмат цяжкасцяў і яскравых перамог.
Мы сабралі ў гэтым праекце асноўныя падзеі з гэтай гісторыі. І вырашылі падрабязна расказаць пра першы медаль у чэмпіянаце Беларусі 1963 года..

Рэкамендуем глядзець праект на ноўтбуку або камп'ютары з хуткім інтэрнэтам.


Праект «Рэгіянальнай газеты», прысвечаны маладзечанскаму футболу, рэалізаваны дзякуючы «Мінскаму мэблеваму цэнтру».
ммц молодечно
назвы
І дасягненні каманд, якія выступалі за Маладзечна ў 1949-2019 гадах.
Лепшыя гульцы
На фота 1960 год. Стадыён у Маладзечне.
Самыя паспяховыя маладзечанскія футбалісты.
Расстаноўка на схеме па нумарах умоўная.
Футбалісты 1960-ых гадоў — расстаноўка па схеме 1-3-2-5
  • Брамнік Альберт Зайцаў.
  • Правы абаронца Уладзімір Васаган, цэнтральны абаронца Анатоль Шэлюх, левы абаронца Юры Адзінцоў.
  • Паўабаронцы Арнольд Бохан і Анатоль Бераснеў.
  • Правы нападаючы Яўген Катоўскі, правы інсайд Золя Сіроткін, цэнтральны нападаючы Іван Траскоўскі, левы інсайд Вячаслаў Бёрдачкін, левы нападаючы Віктар Кандулінскі.
Футбалісты 1990-ых гадоў — расстаноўка па схеме 1-3-4-3
  • Брамнік Мікалай Абрамовіч.
  • Правы абаронца Аляксандр Лебядзеў, цэнтральны абаронца Аляксандр Клімовіч, левы абаронца Сяргей Кабельскі.
  • Апорны паўабаронца Фёдар Лукашэнка, правы паўабаронца Віталь Казяк, цэнтральны паўабаронца Дзмітры Падрэз, левы паўабаронца Міхаіл Макоўскі;
  • Правы нападаючы Уладзімір Макоўскі, цэнтральны нападаючы Аляксандр Вяжэвіч, левы нападаючы Сяргей Бараноўскі.
1963
На фота 1963 год.
Як маладзечанскі футбол перамагаў у 1963 годзе
Адно паражэнне за сезон і два кубкі.
У 1960 годзе маладзечанскі гаркам вырашыў заявіць футбольную каманду ў чэмпіянат БССР сярод калектываў фізічнай культуры. Шэфства над камандай узяў дырэктар фабрыкі музыкальных інструментаў Пётр Смірноў. Спартыўны журналіст Сяргей Гайковіч прыгадвае ўспаміны Юрыя Адзінцова, які ў 1960-я быў маладзечанскім трэнерам. Вось як гаркам даручыў Смірнову футбольную каманду:

— Смірноў быў аматарам футбола. У гаркаме яму кажуць, давай зробім каманду. Створым ёй незалежныя ўмовы, трэба, каб футбалісты Маладзечна ўдзельнічалі ў чэмпіянаце БССР. Назва «Спартак» пайшла ад таго, што гэта спартыўнае таварыства аб'ядноўвала прадпрыемства мясцовай прамысловасці, такія як фабрыка музінструментаў.

У 1960-м каманда заняла шостае месца. А потым два гады запар маладзечанскі «Спартак» займаў другое месца ў чэмпіянаце БССР.
Каманда 1961 года.
Большасць каманды 1961 года гуляла і ў 1963. Гэта Альберт Зайцаў, Уладзімір Васаган, Анатоль Шэлюх, Юры Адзінцоў, Яўген Катоўскі, Золя Сіроткін, Іван Траскоўскі, Вячаслаў Бёрдачкін. Фота з архіва Адзінцовых.

Да старту сезона-1963 застаецца месяц
Напярэдадні футбольнага сезона 2 красавіка ў 1963 годзе ў рэдакцыю маладзечанскай газеты «Святло камунізму» напісаў жыхар горада Н. Забоцін. Яго цікавіла, як маладзечанская каманда рыхтуецца да новага сезона і якія футбалісты будуць гуляць за «Спартак».

Спартакаўцы рыхтаваліся да сезону-1963 ужо ад сакавіка. Трэніроўкі праходзілі тры разы на тыдзень на базе школы №6. Пазаштатны карэспандэнт «Святло камунізму» пісаў, што ўвага на трэніроўках удзяляецца агульнафізічнай падрыхтоўцы, а таксама адпрацоўцы тэхнічных прыёмаў. Футбалісты таксама правялі кантрольную гульню з маладзечанскімі дынамаўцамі, у якой перамаглі сапернікаў.

Са складу каманды выбылі Барыс Садзердзінаў, Аляксандр Наваш і Мікалай Чаеўскі. Валер Максімаў перайшоў у мінскі «Спадарожнік», з якім маладзечанцы яшчэ сустрэнуцца ў сезоне-1963.

«Спартак» трэніраваў Юрый Адзінцоў, які часам сам выходзіў на футбольнае поле. Брамнікам з мінулых сезонаў застаўся Альберт Зайцаў. У абароне згулялі Анатоль Шэлюх, Уладзімір Васаган, Золя Сіроткін, Арнольд Бохан. У паўабароне і нападзе — Юрый Саланенка, Віктар Кандулінскі, Вячаслаў Бёрдачкін, Яўген Катоўскі, Іван Тракоўскі (капітан).

У футбалістаў перад пачаткам сезона не было траўм. Многія спартсмены сумяшчалі выступленне за «Спартак» з працай і навучаннем. Напрыклад, Саланенка вучыцца ў палітэхнічным інстытуце, Золя Сіроткін і Арнольд Бохан — у інстытуце фізічнай культуры.

1963 год.
Капітаны камандаў уздымаюць сцяг.

Першы матч — першая перамога
Сезон для маладзечанскіх футбалістаў пачаўся ў маі. Перад пачаткам першага матча галоўны суддзя Аляксандр Горбылёў уручыў «Спартаку» прыз за справядлівую гульню ў 1962 годзе.

Першы матч спартакаўцы правялі супраць футбалістаў мінскага «Гвардзейца». Перад розыгрышам капітаны каманд Іван Траскоўскі і Васіль Крывіцкі паднялі сцяг чэмпіянату.

У маладзечанскай раёнцы так пісалі пра той матч:

«Раздаўся сігнал судзейскай сірэны. Цэнтральны нападаючы гасцей Уладзімір Грамякін увёў мяч у гульню. З першых мінут спаборніцтваў спартакаўцы распачалі рашучы штурм варот гасцей. На восьмай мінуце матча Яўген Катоўскі моцна б'е па варотах і варатар мінчан Мікалай Павароха парыруе ўдар, але падаспеўшы Юрый Саланенка накіроўвае мяч у сетку варот.
Потым Іван Траскоўскі, авалодаўшы мячом, імкліва праходзіць па леваму краю і робіць падоўжаную падачу, а Вячаслаў Бёрдачкін мацнейшым ударам забівае другі гол. На 12-й мінуце ўдар Саланенка адбівае штанга, ад штагі мяч падае на галаву Катоўскага і зноў ледзь не пападае ў вароты мінчан.

Да канца першай палавіны матча адна з контратак гасцей закончылася ўзяццем варот, якія абараняліся Альбертам Зайцавым. З лікам 2:1 на карысць маладзечанскіх футбалістаў каманды сыходзяць на адпачынак.

У другой палавіне ўжо на трэцяй мінуце Вячаслаў Бёрдачкін забівае трэці мяч у вароты сваіх сапернікаў. Да канца сустрэчы гасцям так і не ўдалося зраўняць лік. Перамаглі спартакаўцы з лікам 3:1».

Іван Траскоўскі яшчэ не адзін раз адзначыцца ў пратаколах матчаў. Да прыкладу, у першай выязной гульні капітан «Спартака» дапамог камандзе прывезці ў Маладзечна перамогу — забіў два безадказныя галы гродзенскаму «Нёману».

Фота 1959 года.
Футбольны стадыён у Маладзечне.

Трэнеры бралі грошы, але не працавалі
У той час як спартакаўцы бралі першыя перамогі на чэмпіянаце БССР, у Маладзечне дазналіся праз раёнку аб дзіўных трэнерах з дзяржаўнага спартыўнага таварыства «Чырвоны сцяг». Дарэчы, спартакаўцы гулялі на гарадскім стадыёне, які называлі тады «Чырвоны сцяг».

Карэспандэнт «Сцягу камунізму» Сталбавенка пісаў пра дзіцячую спартыўную школу пры «Чырвоным сцягу». Высветлілася, што ў чэрвені-жніўні 1962 года з маладымі футбалістамі працавалі, а потым трэніроўкі спыніліся. «Па сутнасці аддзяленне лічыцца толькі на паперы», а трэнер і дырэктар стадыёна Усевалад Раўба распісваўся ў ведамасці, атрымліваў грошы за трэніроўкі, якіх не было.
Па словах Сталбавенкі ў лютым-сакавіку 1963 года Раўба атрымаў па 40 рублёў за неіснуючыя трэніроўкі. Журналіст адзначаў, што гэта не адзіны выпадак у рабоце спартыўных арганізацый Маладзечна. Такім жа чынам атрымліваў грошы за трэніроўкі па гімнастыцы трэнер Ласіцкі і Казак. Так жа працаваў і трэнер па лыжах Пагарэлаў, які «дакладна лічыў, што ў лютым і сакавіку ён «трэніраваў» 36 гадзін. І грошы атрымаў за іх капейка ў капейку». Трэнер Канапалёў атрымаў грошы за трэніроўкі неіснуючай жаночай каманды ДСТ «Чырвоны сцяг».

Словы журналіста пацвярджаюцца ў маі 1963-га заметкай ад імя капітана юнацкай футбольнай каманды В. Ісакава.
Фота 1963 года.
Гуляе каманда «Спартак».
Спартакаўцы сталі лідарамі чэмпіянату
Напрыканцы мая 1963-га маладзечанцы згулялі нічыю з брэсцкім «Лакаматывам». У наступнай гульне Адзінцоў і Траскоўскі забілі па галу мінскаму «Будаўніку». Пасля матча спартакаўцы ўжо мелі на рахунку 9 ачкоў — так яны занялі першае месца ў турнірнай табліцы.

У сярэдзіне чэрвеня «Спартак» згулялі з мацнейшай камандай таго часу — мінскім «Спадарожнікам». Менавіта ў гэтую каманду вясной перайшоў Валер Максімаў.
«Святло камунізму» піша, што ў гульне на працягу першага тайма дамінавалі мінскія футбалісты, аднак брамнік Альберт Зайцаў не даў забіць мяч у вароты маладзечанцаў. Таксама спартыўны карэспандэнт адзначае, што на апошніх хвілінах перад перапынкам Іван Траскоўскі забіў «прыгажэйшы мяч сезона» ударам праз сябе. У другім тайме спартакаўскі абаронца Юрынаў забіў аўтагол:

«Балельшчыкі яшчэ не раз абураліся слабай гульнёй Юрынава і кіраўніцтвам каманды, якое дапусціла яго на гэты адказны матч». Такім чынам, «Спартак» згуляў другую нічыю ў сезоне.
Фота 1963 года.

Маладзечна
і Смаргонь — спарынг-партнёры

У перыяд падрыхтоўкі да першынства Беларусі па футболе, маладзечанская каманда правяла дзве сустрэчы са смаргонскімі футбалістамі.

Перад сезонам-1963 маладзечанцы першы матч выйгралі з лікам 3:1, а другі з такім жа лікам прайгралі.
І вось 22 мая каманда Смаргоні прыязджала ў Маладзечна з візітам у адказ. Першая палавіна гульні прайшла пры яўнай перавазе спартакаўцаў. Аднак іх форварды былі недакладныя ва ўдарах і да таго ж абарона гасцей адстойвала свае вароты. Першая палавіна – 0:0.

У другім тайме Бердачкін, затым Траскоўскі забіваюць два мячы. У адказ забівае двойчы Васільеў, адзін раз Маркуш. І толькі на апошніх секундах Васаган выратоўвае сваю каманду ад паражэння. У выніку нічыя — 3:3.

Маладзечанцы і смаргонцы не толькі рэгулярна гулялі супраць адзін аднаго, але часта футбалісты пераязджалі ў больш перспектыўны клуб. Напрыклад, Іван Траскоўскі быў родам са Смаргоншчыны і стаў самым выдатным гульцом у 1963 годзе за маладзечанскі «Спартак».
Фота 1963 года.
Каманда на зборах.
Гульні з экс-чэмпіёнамі БССР
У 1962 годзе «Хваля» на папярэднім этапе чэмпіяната Беларусі заняў першае месца. У фінальным этапе пінчукі завяршылі сезон на пятым месцы, аднак лічыліся моцнай камандай.

У чэрвені 1963-га маладзечанскія футбалісты правялі з пінскай «Хваляй» матч пад праліўным дажджом, аднак трыбуны былі запоўнены людзьмі. Спартакаўцы першымі залічылі на рахунак гол. Госці разыгралі мяч, але тут жа страцілі яго. Ім завалодаў Іван Траскоўскі. Капітан «Спартака» выйшаў адзін на адзін з брамнікам Уладзімірам Сапожнікавым і забіў гол. Яўген Катоўскі праз пяць хвілін аформіў другі гол.

Больш мячоў у першым тайме не забівалі. Пасля перапынку футбалісты «Хвалі» атакавалі вароты Зайцава, але змаглі прабіць у створ толькі адзін раз і то недакладна. Спартакаўцы атрымліваюць магчымасць на 52-й хвіліне прабіць штрафны. Права біць даверылі Уладзіміру Васагану, які дакладна б'е ў «дзявятку».

Яшчэ праз 15 хвілін поле пакідаюць спартакаўцы Бохан і Сіроткін атрымалі траўмы. Іх замянілі Салагуб і Максімаў.

«Гэта да некаторай ступені аслабіла нашу абарону. І праз тры хвіліны Расціслаў Старшынін з «Хвалі» забівае мяч у адказ», — пісалі ў маладзечанскай раёнцы.

Больш у гэтай гульне галоў не забівалі. Пасля перамогі на былым чэмпіёнам Беларусі з лікам 3:1 пра «Спартак» казалі, што каманда «мае рэальную магчымасць змагацца за ганаровае званне чэмпіёнаў Беларусі».

У наступным туры спартакаўцы сустрэліся з чэмпіёнамі фінальнага этапу ў 1962 годзе — мінскім «Тарпеда». У першым тайме тарпедаўцы актыўна атакавалі вароты сапернікаў, а форвард Церахаў адкрыў лік у матчы. Вячаслаў Бёрдачкін забіў мяч у адказ перад перапынкам.

У другой палове гульні спартакаўцы перахапілі ініцыятыву і часцей сапернікаў аказваліся ў штрафной зоне «Тарпеда». Але трэці гол у матчы забілі тарпедаўцы. Ім адказаў усё той жа Бёрдачкін.

Спартыўны карэспандэнт «Святла камунізму» адзначаў «грубую гульню тарпедаўцаў, якія на першых хвілінах гульні падбілі капітана Івана Траскоўскага і ён пакінуў поле». Без галоўнага бамбардзіра «Спартак» завяршыў гульню ў нічыю. Негледзячы на 2:2 з «Тарпеда», маладзечанцы працягвалі лідзіраваць у чэмпіянаце БССР.
Фота 1963 года.
Каманда «Спартак» на трэніроўцы на стадыёне.
Як спартакаўцы загадзя сталі чэмпіёнамі
Іван Траскоўскі пасля траўмы ў матчы з тарпедаўцамі вярнуўся на футбольнае поле ў наступнай гульне. «Спартак» перамог бабруйскі «Фандок» 3:0. Траскоўскі адзначыўся галамі, а яшчэ адзін мяч забіў Яўген Катоўскі.
У наступным туры маладзечанцы з'ездзілі ў Полацк да «Дзвіны». Бёрдачкін і Кандулінскі выйгралі гульню для спартакаўцаў, хоць сапернікі і адзначыліся адным мячом. Пасля перамогі над полацкімі футбалістамі «Спартак» незалежна ад выніку наступнага матча стануць чэмпіёнамі БССР.

Гульня з «Тарпеда», якая была адной з самых небяспечных для каманды пад кіраўніцтвам Юрыя Адзінцова, прайшла ў нічыю. Дарэчы, з таго матча пачаўся фінальны этап у чэмпіянаце БССР. А наступныя дзве гульні — супраць «Фандока» і «Дзвіны» — спартакаўцы без цяжкасцяў выйгралі.
Фота 1963 года.
Каманда «Спартак» падчас гульні.
Спартакаўцам далі чэмпіёнскія медалі перад апошняй гульнёй
14 ліпеня 1963 года спартакаўцы выйшлі на гарадскі стадыён Маладзечна пад гукі марша. Футбалістаў узнагарадзілі залатымі медалямі намеснік старшыні федэрацыі футбола БССР Сокалаў. Спартакаўцаў перадалі пераходны кубак, які ўпершыню беларускага футбола трапіў у Маладзечна. Футбалісты перад апошняй гульнёй чэмпіянату зрабілі круг гонару пад гукі марша і авацыі заўзятараў.

Матч з віцебскім «Чырвоным сцягам» нічога не вырашаў. Аднак менавіта ў той гульне маладзечанскія футбалісты заваёўваюць самую буйную перамогу ў сезоне — 5:3.
У першым тайме Яўген Катоўскі аформіў дубль, а сапернікі адзначыліся адным мячом. У другім тайме «Спартак» пачаў насядаць на палове віцяблян. Бёрдачкін хутка забіў пасля перадачы Саланенка, а яшчэ праз некалькі хвілін Катоўскі зрабіў хет-трык. Пяты гол у матчы аформіў таксама Бёрдачкін. Вароты Зайцава не засталіся «сухімі» у другім тайме. Гарый Іваноў з «Чырвонага сцяга» запісаў на рахунак два мячы.

Адным з расчараванняў для маладзечанскіх заўзятараў стала адсутнасць Івана Траскоўскага. Лідар спартакаўцаў траўмаваўся ў гульне з «Дзвіной».

Такім чынам, за два месяца сезона-1963 спартакаўцы ўпершыню сталі чэмпіёнамі БССР сярод калектываў фізічнай культуры. Аднак наперадзе ў маладзечанскага «Спартака» былі яшчэ гульні за Кубак БССР.

Фота газеты «Святло камунізму» 1963 года.

«Спартак» перамог у Кубку Мінскай вобласці
Летам 1963 года маладзечанскім футбалістам трэба было перамагчы салігорскую каманды, каб выйсці ў фінал Кубка вобласці. У першай палове гульні з-за Арнольда Бохана назначаюць пенальці — так Салігорск выйшаў наперад.
У другім тайме салігорская каманда перайшла ў абарону, яны не давалі магчымасці спартакаўцам забіць. Аднак Іван Траскоўкі, які аднавіўся пасля траўмы, вырваў перамогу для «Спартака» — забіў з пенальці і з гульні.

У сярэдзіне жніўня на дамашнім полі ў фінале Кубка спартакаўцы згулялі з мінскім «Гвардзейцам». Каманды не забілі ніводнага мяча ў першым тайме, гулялі асцярожна. У другой палове сустрэчы Іван Траскоўскі на 60-й мінуце забіў адзіны гол у матчы. «Спартак» стаў чэмпіёнам Мінскай вобласці. Гэтак маладзечанцы атрымалі права згуляць у Кубку Беларусі.
Фота 1963 года.
Каманда на стадыёне.
Дарога да Кубку БССР
У Кубку Беларусі ўдзельнічалі 16 каманды: па 2 ад кожнай вобласці і 4 ад Мінска. У першым матчы за Кубак краіны спартакаўцы згулялі супраць футбалістаў мінскага станкабудаўнічага завода. У рамках кубкавых сустрэч гэтая гульня завяршылася з самым буйным лікам для спартакаўцаў. Яны перамаглі мінчукоў 7:1.

Потым маладзечанцы адправіліся ў Пінск, дзе з «Хваляй». Сапернікі забілі гол ужо праз шэсць хвілін са старту гульні. Аднак на 18-й хвіліне Траскоўскі аддаў мяч на Саланенкі, які зраўняў лік у матчы. За некалькі хвілін да перапынку Яўген Катоўскі вывеў «Спартака» наперад. Гол Катоўскага стаў пераможным — маладзечанцы вышлі ў паўфінал Кубка БССР.

25 жніўня 1963-га ў Маладзечна прыехаў магілёўскі «Металург», каб згуляць паўфінальную сустрэчу. Адзначаецца, што ў той час капітанам каманды замест Івана Траскоўскага ўжо з'яўляецца Юрый Саланенка. Першы мяч спартакаўцы забіваюць з вуглавога: Васаган накіраваў мяч у штрафную, а Кандулінскі замыкае. У першай палове гэты футбаліст «Спартака» адзначыўся яшчэ адзін раз: Катоўскі прабіў штрафны, але недакладна, а вось Кандулінскі дабівае. У другім тайме той жа спартакаўскі футбаліст робіць хет-трык. «Металург» адказаў адным мячом, але Саланенка ўсё ж аформіў гол і маладзечанская каманда перамагла 4:1.


У маладзечанскай раёнцы быў вялікі артыкул пра тую паўфінальную гульню. Трэнер «Металурга» даў інтэрв'ю і патлумачыў прычыны паражэння. Адной з іх сталі мясцовыя ўлады Маладзечна:

— Каманда «Спартак» — па-мойму, адна з самых моцных у рэспубліцы, вашы футбалісты знаходзяцца ў добрай спартыўнай форме. Каманда добра асвоіла бразільскую сістэму гульні 1+4+2+4.

Пройгрыш сваёй каманды Муралёў тлумачыў двума фактарамі: па-першае, адсутнасцю двух мацнейшых ігракоў — Лешчука і Яфімава, якія атрымалі траўмы ў папярэдняй гульні. Па-другое, магілёўскія футбалісты перад сустрэчай не змаглі добра адпачыць. Нягледзячы на тое, што тэлеграма аб прыездзе каманды "Металург" была атрымана гарадскім Саветам саюза спартыўных таварыстваў і арганізацый 23 жніўня ў 16 гадзін, спартсменаў на вакзале ніхто не сустракаў і месцы ў гасцініцы не былі забраніраваны. Футбалістам прыйшлося «адпачываць» усю ноч на падаконніках і падлозе.

У фінальным матчу Кубку БССР спартакаўцы сустрэліся з «Спадарожнікам». Першая палова прайшла пад націскам сталічных футбалістаў. Сіроткін цудам выбівае мяч са сваіх варот, Зайцаў зрабіў некалькі сэйваў, а Саланенка прабіў міма варот саперніка, калі ў спартакаўцаў з'явіўся адзіны шанс забіць. У другім тайме за 9 хвілін да канца футбалісты «Спадарожніка» зрабілі лік 1:0. Так «Спартак» прайграў адзін матч за сезон і гульню за чэмпіёнства ў Кубку Беларусі.
Фота 1963 года.
Каманда на выездзе.
Першыя крокі спартакаўцаў у Кубку СССР
У фінале Кубка БССР «Спартак» прайграў «Спадарожніку», але назалежна ад выніку гульні спартакаўцы матчам з «Металургам» заваявалі права згуляць у Кубку СССР.

У сярэдзіне верасня спартакаўцы правялі гульню 1/16 фіналу Кубка СССР. Маладзечанцы прымалі на дамашнім полі ўладальніка Кубка Смаленскай вобласці і пераможцу занальных спаборніцтвах на Кубак РСФСР каманду «Зорка» са Смаленска.

«Зорка» актыўна гуляла ў атацы на працягу першай паловы. Пасля памылкі абаронцы Васагана, які неасцярожна адправіў мяч у штрафную пляцоўку, дзе знаходзіўся адзін з нападаючых гасцей, смаленскі футбаліст забіў мяч у вароты «Спартака». Хутка Юрый Саланенка ў контратацы зраўняў лік — 1:1.

Гол Саланенкі змяняе тэмп гульні і аддае перавагу ў рукі чэмпіёна Беларусі. Пасля перапынку ў маладзечанцаў былі тры шанцы на працягу чатырох хвілін, каб забіць галы. Аднак Кандулінскі, Траскоўскі і Саланенка білі міма варот.

Спартакаўцы працягнулі атакаваць. Яшчэ адзін шанец з'явіўся ў Траскоўскага. Ён уварваўся ў штрафную зону, але яго груба знеслі абаронцы. Суддзя назначыў пенальці, які рэалізаваў Яўген Катоўскі. Потым Саланенка і Траскоўскі ўсё ж такі заб'юць «Зорцы» і давядуць лік да 4:1.
У маладзечанскай раённай газеце пісалі, «калі гэтыя якасці не заглухнуць, а разаўюцца далей, то нашы футбалісты паднясуць нам яшчэ не адзін радасны сюрпрыз». Аднак у 1964 годзе каманду пераймянуюць у «Нарач». «Нарач» завершыць папярэдні этап на першым месцы, але ў фінальнай частцы чэмпіянату БССР зойме толькі шосты радок. Наступны пераможны сезон для маладзечанскага футбола адбудзецца амаль праз 30 гадоў — у 1991-м.
Фанаты
Фота забяспечана ФК «Маладзечна».
Маладзечанскі фанацкі рух – яскравы складнік футбольнага жыцця. Гэта падтрымка, перфомансы і зялёна-белыя колеры. Пра гісторыю маладзечанскага фан-руху распавёў Павел Малашка.
Гісторыя «GWS»
У кожнай групіроўкі фанатаў назвы паходзяць ад колераў клуба. Маладзечанскія называліся Green-White Speed.

1998
Утварэнне групіроўкі, агулам каля 50 фанатаў. Выездаў не было.

1999
Катастрафічны год для футбола і фан-групіроўкі. Каманда вылецела з Вышэйшай лігі беларускага чэмпіяната. Пасля дамашняга паражэння ад «Тарпеда-Кадзіна» 5:0 практычна разваліўся маладзечанскі фанатызм. Адбыліся першыя выезды.

2000-2001
Дамашнія гульні праходзілі ў Чысці. У каманду прыйшоў новы трэнер Румбуціс. ФК «Маладзечна» рэзка ўзняў узровень гульні. Клуб змог выйграць чэмпіянат Беларусі ў Першай лізе з вялікай перавагай.

У 2000 годзе адбылося адраджэнне GWS. На дамашках збіралася каля 50 чалавек. Выязды былі рэгулярныя.
Зімой з-за актыўнага ўдзелу фанаў у устанаўленні сваіх парадкаў у горадзе і некалькіх акцый з удзелам іншых фанатаў ускладніліся адносіны з міліцыяй. Гэта можна лічыць другім расколам фан-руху. Засталіся толькі самыя адданыя фанаты.

У той час фанатызм грунтаваўся на галасавой падтрымцы каманды ў дамашніх і выяздных матчах. А таксама ў высвятленні адносінаў з іншымі варожымі фанатамі. Гэта частка субкультуры ультрас.


Маладзечанскія фанаты.
Фота 2000-2001 гадоў.
Фота 2000-2001 гадоў.
Фота 2000-2001 гадоў.
Фота 2000-2001 гадоў.
Left
Right
2002-2006
Ад 2001 года наш клуб зноў у Вышэйшай лізе беларускага першынства. Фанаты ездзяць за камандай па ўсёй краіне. Узнікае сяброўства і саюзы з іншымі фан-рухамі.

Пасля вылета ў 2003 годзе з дывізіёна 1, з паніжэннем у Другую лігу праз год па фінансавых абставінах фанатызм згасае. З камандай застаеца 25-30 самых адданых фанатаў.
Каманда застаецца ўнізе трэцяга дывізіёна. Фанаты працягваюць падтрымку, хаця і малой колькасцю.
Маладзечанскія фанаты.
Фота 2002-2006 гадоў.
Фота 2002-2006 гадоў.
Фота 2002-2006 гадоў.
Фота 2002-2006 гадоў.
Фота 2002-2006 гадоў.
Фота 2002-2006 гадоў.
Фота 2002-2006 гадоў.
Left
Right
2007-2013
У гэты перыяд вялікую ролю адыграла змена пакаленняў. Прыйшлі новыя людзі, сектар 12 значна амаладзіўся. Звязана з многімі прычынамі. Жыхары горада сталі хадзіць на футбол, у каманду прыйшоў галоўны трэнер Аляксандр Гармаза. Вынікі сталі наладжвацца, усё больш хлопцаў пачалі падтрымліваць каманду. Дух фанатызму захлынуў Маладзечна, зялёна-белыя колеры сталі многім дарагія.

З'явіліся першыя расцяжкі і першыя перформансы. У 2010 годзе ўтварылася група актыўных фанатаў, якія адказваюць за маляўнічасць сектара – Green-White Boys. Візуальная падтрымка стала на ўзроўні топавых рухаў краіны, з'явіўся першы барабан. Сталі распаўсюджваць атрыбутыку – майкі, байкі, шалікі, значкі, стыкеры.

У 2014 годзе група людзей з актыўнага сектара правяла работу па аднаўленні гісторыі нашага клуба, зрабілі апгрэйд эмблемы. Размясцілі дату стаўлення каманды і першага ўдзелу ў чэмпіянаце БССР – 1949. У гэты час сектар кансалідаваўся ў пытанні нацыяналізму, выбраўшы пазіцыю нацыянальных сімвалаў і іх месца на атрыбутыцы. Некаторыя людзі з руху сталі выконваць працу, якой павінен займацца маркетынгавы аддзел клуба, але якога не было ў самім клубе. Праца з СММ, фота, відэа і дыктара легла на іх. Шмат зрабілі для іміджу #fcm1949.

Добрыя адносіны па лізе склаліся з фанатамі «Асіповічаў», «Дынама Брэст», «БАТЭ», «Тарпеда» мінскага і жодзінскага, «Слоніма», «Ліды», «Кобрына», «Баранавічаў», у пачатку нулявых –нафтанікамі з Наваполацка.
«Ворагамі» ва ўсе часы лічылі фанатаў мінскага «Партызана» і іх сяброў, «Шахцёра», «Дняпра», «Белшыны».
Нейтралітэт быў з рухаем «Гомеля». У тую пару актыўны сектар налічваў каля 100-150 чалавек. Рэкорд быў у 2013 годзе на хатнім супрацьстаянні з прынцыповым супернікам – мінскім «Партызанам», 220 фанатаў.
Маладзечанскія фанаты.
Фота 2013 года.
Фота 2010 года.
Фота 2011 года.
Фота 2011 года.
Фота 2011 года.
Фота 2012 года.
Фота 2013 года.
Фота 2013 года.
Left
Right
2014-2019

Пасля падзей ва Украіне ў канцы 2013-2014 гадоў фанатам па ўсёй Беларусі стала больш складана. Адбілася гэта і на фанатызме ў Маладзечне. Сектар парадзеў, многія адмовіліся ад падтрымкі, каб пазбегнуць праблем. Сектар яшчэ раз памаладзеў.

Старэйшыя перайшлі на осноўную трыбуну, ад падтрымкі канчаткова не адмовіўшыся. Некаторыя з іх да гэтага часу ездзяць падтрымліваць каманду на выязныя матчы і па-ранейшаму робяць працу ў клубе на грамадскіх пачатках.

У чэрвені 2019 года Molofans'98 адзначыў 20-годдзе.
Маладзечанскія фанаты.
Фота 2018 года.
Фота 2019 года.
Фота 2019 года.
Left
Right
Тэкст: Настасся Уткіна, Павел Малашка.
Дзякуем за дапамогу ў прадастаўленні інфармацыі Сяргею Гайковічу, Паўлу Малашку.
Фота, відэа і аўдыёматэрыялы: vk.com/molodechno1998.
Выкарыстаныя матэрыялы газеты «Святло камунізму».
Вёрстка: Зоя Хруцкая.
© «Рэгіянальная газета», 2020
Made on
Tilda