ЦІ ТРАПЛЯЮЦЬ
НІТРАТЫ З ФЕРМАЎ
У ВАДУ, ЯКУЮ МЫ П'ЁМ?
Як актывісты ў рэгіёне вызначаюць забруджанне прыроды каля фермаў
Гумовыя боты, тэст-палоскі для праверкі ўзроўню нітратаў у вадзе, фотаапарат – такі працоўны набор мае актывіст, каб правесці рэйд па жывёлагадоўчых комплексах у сваёй мясцовасці.

У нашым выпадку актывіст – гэта Аляксандр Дарашэвіч, гаспадар аграсядзібы ў Астравецкім раёне.
Ужо не першы год у супрацы з Цэнтрам экалагічных рашэнняў (ЦЭР) ён правярае, ці не церпіць прырода ад суседства з сельскагаспадарчымі пабудовамі. Разам з ім мы адпраўляемся ў паездкі па Гродзенскай вобласці.
Асноўнае, што нас цікавіць, – ці не трапляюць нітраты з гною, які ўтвараецца на фермах, у ваду.
18-22 літры ў суткі – менавіта столькі сцёкавых водаў з утрыманнем гною ўтвараецца на свінагадоўчых комплексах ад адной жывёлы, паводле інфармацыі ЦЭР. Памножыўшы лічбу на колькасць галоў на канкрэтнай ферме, можна ўявіць, з якім аб'ёмам небяспечных адходаў даводзіцца мець справу.
Нітраты і фермы: як яны звязаныя і чаму могуць быць небяспечнымі
Нітраты – гэта солі азотнай кіслаты, якія неабходныя для сілкавання раслін. Але калі іх у зямлі надта шмат, то яны трапляюць у грунтавыя воды, а адтуль – у нашу пітную ваду.

Калі пастаянна піць ваду з павышаным узроўнем нітратаў, то можна пашкодзіць работу ўнутраных органаў, а таксама атрымаць такую хваробу, як метгемаглабанімія. Пры ёй кроў губляе магчымасць пераносіць кісларод да тканак і органаў.
Нітраты немагчыма ўбачыць – яны не маюць ні колеру, ні смаку, ні паху. Нават чыстая на вока вада можа быць моцна імі забруджаная.

Асноўная крыніца нітратаў – угнаенні і гной з жывёлагадоўчых комплексаў, якія месцяцца блізка да вады. Прычым не толькі да адкрытай вады – ракі ці возера – але і да грунтавых вод.
У Беларусі грунтавыя воды часта залягаюць вельмі блізка да паверхні зямлі, таму нітраты лёгка могуць у іх патрапіць. Паводле даследавання, якое праводзілі спецыялісты па замове ЦЭР, 60% грунтавых вод Гродзенскай вобласці амаль не абароненыя прыродай ад забруджвання. Гэта абумоўлена геалагічнымі асаблівасцямі тэрыторыі. Таму асабліва важна сачыць за тым, каб жывёлагадоўчыя комплексы прытрымліваліся нормаў і не дапускалі, каб нітраты траплялі ў навакольнае асяроддзе.
Апошні раз нормы для фермаў распрацоўвалі ў СССР
На просьбу распавесці, як павінна быць абсталяваная ферма па ўсіх нормах, спецыяліст па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі ЦЭР Наталля Парэчына зазначае – вось у гэтым і ёсць самая вялікая праблема!

– У Беларусі няма адзінага дакумента, дзе былі б сабраныя ўсе нормы, звязаныя з пытаннем абыходжання з гноем – тлумачыць эксперт. – Старыя нормы дзейнічаць перасталі, а новыя недастаткова дакладныя.
Раней арганізацыі кіраваліся дакументам, які выдаваўся яшчэ ў 1986 годзе. Цяпер юрыдычна ён ужо не дзейнічае. А па-другое, яго патрабаванні састарэлі, яны не адпавядаюць сучасным тэхналагічным і экалагічным рэаліям.
Ёсць іншыя дзяржаўныя дакументы, у якіх згадваецца гэты аспект жывёлагадоўлі. Напрыклад, «Стратэгія ў вобласці абароны навакольнага асяроддзя» і «Водная стратэгія Рэспублікі Беларусь». Але многія рэчы ў іх не прапісаныя падрабязна.
Існуюць «Патрабаванні да арганізацый, якія ажыццяўляюць сельскагаспадарчую дзейнасць». Але там гаворыцца толькі аб тым, што «ў арганізацыях жывёлагадоўлі выбар спосабаў ачысткі і перапрацоўкі вадкага гною павінны адбывацца паводле патрабаванняў санітарных норм і правілаў, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да сістэм водаадвядзення населеных пунктаў». Ніякіх дэталяў і падрабязнасцяў да гэтага пункта ў дакуменце няма.
Якія парушэнні на фермах шкодзяць прыродзе?
– Прынцыпы пабудовы фермаў не мяняліся з самага пачатку іх узнікнення, – заўважае Аляксандр Дарашэвіч. – Іх заўсёды рабілі на ўзвышэнні, каб сцёкі ішлі ў нізіны. Але адна справа, калі на ферме некалькі дзясяткаў жывёл, – тады прырода спраўляецца з аб'ёмам гною. Але калі ферма на тысячу галоў – такі аб'ём адходаў нельга спускаць у навакольнае асяроддзе, трэба будаваць сістэму лагун. А гэта дарагая справа.

Каля вялікіх фермаў можна ўбачыць такія сістэмы: велізарныя яміны, напоўненыя гноем. Гэта сажалкі-адстойнікі. Сцёкі трапляюць у першую лагуну, дзе павінны адстаяцца. Дно ў яе герметычнае, таму шкодныя рэчывы не трапляюць у глебу. Там адбываецца тэрмічнае абеззаражванне, гінуць паразіты, сыходзіць вільгаць.
Пасля гной пераходзіць у наступную лагуну – яны звязаныя паміж сабой сістэмай сазлучаных сасудаў. Такім чынам гной праходзіць праз некалькі лагун, у кожнай з якіх адбываюцца неабходныя хімічныя працэсы.
Падаецца, што ўсё проста – калі ферма мае сістэму адстойнікаў, то якія праблемы могуць узнікнуць?
Па-першае, перапоўненыя лагуны, у якіх гной пераліваецца праз край. Так можа здарыцца тады, калі ферма разлічаная на адну колькасць галоў, а па факце ў ёй трымаюць болей жывёл. Па-другое, могуць быць праблемы з герметычнасцю лагун – тады гной выцякае і забруджвае тэрыторыю навокал. Так здараецца тады, калі пры пабудове лагун выкарысталі няякасныя матэрыялы. А таксама тады, калі гной у лагуны выгружаюць каўшамі – яны могуць фізічна пашкодзіць дно. Каб гэтага пазбегнуць, варта выкарыстоўваць адмысловыя помпы.
Да таго ж, нават звычайная прыборка на ферме можа забрудзіць прыроду. На практыцы падчас прыборкі бруд часта проста змываюць вялікім аб'ёмам вады. Гэта не толькі неэканомна, але і небяспечна – у тым выпадку, калі пасля вада з рэшткамі бруду трапіць у навакольнае асяроддзе.

Асобны момант – раскідванне гною трактарам па навакольных палях. Праблема пачынаецца тады, калі гной вывозяць узімку ці позняй восенню і скідваюць проста кучамі, поле ў гэты час не пераворваецца, а сцёкі з яго трапляюць у глебу. Або калі поле знаходзіцца блізка да вады – возера, ракі ці ваданосных слаёў глебы.
Парушэнні на ферме можна ўбачыць… з космасу
Перад тым, як пабудаваць свой маршрут, Аляксандр Дарашэвіч шукае спіс фермаў на сайце выканкамаў. А пасля шукае іх на анлайн карце. Гугл-карты робяцца пра дапамозе спадарожнікаў і рэгулярна аднаўляюцца, яны даступныя ў інтэрнэце любому ахвотнаму. Знайсці на іх ферму – справа некалькіх хвілін.
– Калі наблізіць патрэбны ўчастак карты, то можна ўбачыць нават сляды трактара на зямлі, – тлумачыць сваю метадалогію Аляксандр. – А пратораная трактарная сцежка ля фермы можа быць сігналам таго, што гной вывозяць трактарам і раскідваюць па навакольных палях.

Таксама на анлайн картах можна ўбачыць лужыны і ручаі каля лагун – яны могуць сведчыць пра тое, што лагуны не спраўляюцца са сваёй задачай.
– Я не супраць фермаў, – кажа Аляксандр. – Але я за тое, каб імі кіравалі з розумам і адказнасцю. Работнікі фермаў часта самі жывуць непадалёк ад іх. Няўжо яны не разумеюць, што калі з фермы сцякае гной, то трапляе ім самім у ваду і ежу? У ваду, якую п'юць іх дзеці і ўнукі. Да таго ж чалавек можа і павінны жыць у прыгажосці. Нас шмат дзесяцігоддзяў адвучвалі ад гэтага. Усё навокал, нават ферма, можа быць прыгожым.
Ашмянскі раён: леташнія парушэнні паўтарыліся
Першы прыпынак у нашай паездцы, у якую мы выправіліся напрыканцы 2020 года, – Гальшаны ў Ашмянскім раёне. Жывёлагадоўчыя комплексы тут размешчаныя зусім блізка да Гальшанскага замка. Спачатку наведваем свінагадоўчы комплекс. Летась Аляксандр зафіксаваў тут некалькі парушэнняў, таму праз год вырашыў праверыць, ці змянілася сітуацыя.

– Бачу, што магільнік і помпу па адпампоўванні гною абнеслі плотам, – кажа ён. – Цяпер да іх немагчыма падысці і праверыць, ці ёсць парушэнні.
З убачанага на ўласныя вочы – трактар з поўным кузавам, які ад'язджае ад фермы ў поле. А на навакольных палях – брудныя лужыны са спецыфічным пахам. Непадалёк ад фермы ляжыць куча будаўнічага смецця. Мы праходзім поле і спускаемся да ручая, які працякае ў нізіне. Аляксандр апускае ў ваду тэст-палоску – праз пару хвілін мы бачым вынік: павышаны ўзровень нітратаў.

– Улічваючы тое, што гэта ручай – вада ў ім не стаіць на месцы і пастаянна прамываецца асадкамі, – гэта вельмі кепскі вынік, – робіць выснову Аляксандр.

Ён фіксуе на фота ўсе ўбачаныя парушэнні, каб пасля падрыхтаваць зварот у Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Мы едзем далей і спыняемся каля малочнатаварнай фермы. Пакуль абыходзім яе тэрыторыю, кідаюцца ў вочы высокія зарасці крапівы і палыну. Аляксандр тлумачыць, што менавіта гэтыя расліны здольныя хутка расці ў глебе, перапоўненай угнаеннямі. Яны выцясняюць іншыя віды і забіваюць біяразнастайнасць.

Калі падыходзім да сажалак-адстойнікаў, то бачым, што адна з іх перапоўненая, гной выцякае проста на зямлю.

– Як забівалася тут прырода год таму, так і забіваецца, – рэзюмуе Аляксандр.

Бачым таксама і гной на навакольных палях. Калі спрабуеш зрабіць фота лужын, на заднім плане велічна ўзвышаюцца руіны Гальшанскага замка. Спрэчнае суседства для прыцягнення турыстаў.
Афіцыйны адказ: смецце прыбралі, адстойнікі ўмацоўваюць
Праз пару тыдняў пасля паездкі ў Гальшаны Аляксандр атрымаў адказ на свой зварот.
У ім адзначаецца, што будаўнічае смецце каля свінакомплексу прыбралі. Трактар сапраўды вывозіць гной у поле, але «ў месцы для часовага захоўвання», каб на вясну ўнесці яго як арганічнае ўгнаенне. З сістэмай ачысткі на комплексе ўсё ў парадку, запэўнілі ў адказе, яе рамантавалі ў 2019 годзе.
Каля малочнатаварнай фермы пацвердзіўся факт перапаўнення адходаў. Таму «вядуцца работы па ўмацаванні адстойніка», а таксама адправілі заяўку на тое, каб узяць пробы вады ў рацэ Гальшанцы.
Смаргонскі раён: сцёкі ў Вілію і звалка ў полі
У наступнай паездцы мы накіраваліся ў Андрэеўцы, што на Смаргоншчыне. Па дарозе заехалі ва ўрочышча за Медрыкамі – ад мясцовых актывістаў паступіла інфармацыя, што тут сабралася звалка медыцынскіх адходаў. На месцы мы сапраўды ўбачылі нешта падобнае на магільнік, прыкрыты дошкамі. З-пад яго былі відаць шкляныя ампулы. Месца выглядала недагледжаным.

– Па знешнім выглядзе немагчыма зразумець, ці гэта ўвогуле магільнік, ці мае ён гідраізаляцыю і ці не трапляюць шкодныя рэчывы ў ваданосныя слаі глебы, – кажа Аляксандр. Зафіксаваўшы ўсё на фота, рухаемся далей.
Свінакомплекс у Андрэеўцах з першага погляду не мае ніякіх парушэнняў. Сажалкі-адстойнікі не перапоўненыя. Аднак на гугл-картах было відаць, што з адной з лагун выцякае жыжа. Таму ідзём далей і абыходзім усе лагуны.

Цікава таксама прайсціся па лесе, які раскінуўся паблізу фермы. У яго не ходзяць мясцовыя, бо разумеюць, што тут небяспечна збіраць грыбы ці ягады. Затое праз адсутнасць людзей лес аблюбавалі жывёлы – мы ўбачылі сляды ласёў, узрытую дзікамі зямлю, а на мяжы з полем – трох грацыёзных казуль. Жывёлы выбіраюць хоць і атручаную гноем, але бязлюдную тэрыторыю.
Гугл-карты не схлусілі: праз некалькі хвілін хады заўважаем сцёк. Ідучы ўздоўж яго, даходзім да Віліі. Рака ў гэтым месцы мае ненатуральны зялёна-смагардавы колер. Значыць, лагуны ўсё ж негерметычныя.

У адказе абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, які Аляксандр атрымаў праз некалькі тыдняў, наконт Андрэеўцаў адзначана, што «слядоў выкіду сцёкавых вод на прылеглую тэрыторыю і меліярацыйныя каналы не выяўлена». Такой рэакцыяй Аляксандр незадаволены, таму збіраецца звяртацца ў Камітэт дзяржкантролю. А вось несанкцыянаваную звалку каля Медрыкаў, паводле афіцыйнага адказу, прыбралі ў першай палове снежня.
Тры крокі, каб выправіць сітуацыю
На пытанне, як пазбегнуць парушэнняў і захаваць ваду чыстай, Цэнтр экалагічных рашэнняў дае разгорнуты адказ.
Па-першае, стварыць групу па даследаванні тэхнічнага стану фермаў і комплексаў, якая высветліць, як фермы працуюць з адходамі. І падрабязна апіша сітуацыю.
Па-другое, распрацаваць праграмы па рамонце і мадэрнізацыі – дзесьці замяніць матэрыялы, якімі герметызуюцца лагуны, дзесьці змяніць сістэму прыборкі памяшканняў з жывёламі.
Па-трэцяе – весці пастаянны кантроль за выкананнем нормаў. Цяпер кантроль малаэфектыўны – не ў кожным раёне ёсць такія валанцёры, як Дарашэвіч, гатовыя самастойна сачыць за станам прыроды каля фермаў. Таму на месцы няма матывацыі выконваць правілы і выпраўляць парушэнні.
«Рабі, што можаш, і будзь, што будзе»
Аляксандр кажа, што звычайна спрабуе вырашаць праблемныя моманты без зваротаў – тэлефануе, размаўляе, просіць звярнуць увагу. Але часам без зваротаў не абысціся.

– Шкада, што парушэнні адбываюцца, – разважае актывіст. – Спецыяльныя службы павінны знаходзіць іх самі, без нашага ўдзелу, а не даваць незразумелыя адказы на звароты. Я разумею, што спецыялістаў і ў ахове прыроды, і ў сельскай гаспадарцы не хапае. Таму калі нешта заўважу, то не прайду міма. Вядома, пад трактар кідацца не буду. Мне падабаецца прынцып «рабі, што можаш, і будзь, што будзе». Ім і кіруюся.
Made on
Tilda