Прэм’ера спектакля “Рамэо і Джульета” ў пастаноўцы народнага тэатра “Метамарфозы” пад кіраўніцтвам Андрыяна Барткевіча адбылася 7 мая ў Палацы культуры.

Шэкспіраўская гісторыя Рамэо і Джульеты заўжды кранае сваіх гледачоў і чытачоў да глыбіні душы. Не выключэннем стаў і спектакль народнага тэатра “Метамарфозы”.

Пастаноўка Андрыяна Барткевіча з самага пачатку абяцала быць незвычайнай. З першага погляду гэта былі “Рамэо і Джульета” на сучасны манер, класічная аповесць пра каханне двух падлеткаў, аднак з танцамі пад сучасную спявачку Б’янку і з дзявочым выкананнем мужчынскіх роляў.

Бясконцая вайна паміж сем’ямі Мантэкі і Капулеці, ахвяраванне дзецьмі дзеля асабістых крыўдаў – усё гэта змаглі паказаць на сцэне таленавітыя юныя акцёры. 13-гадовы Дзмітры Казлоў (Рамэо) і 15-гадовая Дар’я Лявіцкая (Джульета) сваёй чыстай, шчырай ігрой перадалі трапяткія пачуцці першага кахання, турботы і свой маркотны канец. Не менш выбітнай таксама была гульня Анастасіі Януць, Марыі Коршук, Крысціны Салаўёвай, Алены Злотнікавай, Святланы Сокал, Лізы Мазур, Сяргея Кавэцкага і іншых талентаў народнага тэатра.

У чэрвені “Метамарфозы” плануюць зняць фільм па п’есе “Рамэо і Джульета”. Дарэчы, летась тэатр упершыню ў Беларусі зрабіў экранізацыю п’есы Шэкспіра “Гамлет”, а крыху раней спектаклем “Гамлет-NEW” пацвердзіў званне народнага.

Вось ужо 45 год тэатр радуе гледачоў сваёй творчай дзейнасцю і бясконцымі магчымасцямі. Усе – ад малога да вялікага – з ахвотай прыходзяць на спектаклі, тым больш, што пастаноўкі такіх выдатных майстроў пяра, як Шэкспір, ніколі не застаюцца без увагі.