А прапусцілі ўсё ж такі першымі. На чацвертай хвіліне пасля ўдару са штрафнога наш варатар Вячаслаў Камінскі адбіў мяч перад сабой, і футбаліст Слуцка паспеў на дабіванне – 1:0. Непаразуменнем назваў у інтэрв’ю “РГ” прапушчаны мяч трэнер “Маладзечна” Віталь Казяк. Нашы паўабаронцы Сяргей Дараховіч, Яўген Курловіч і Ігар Нарожнік з першых хвілін узялі гульню ў цэнтры поля пад свой кантроль. І гэта, па словах Віталя Казяка, прадвызначыла станоўчы вынік.

Добра працавалі таксама флангі. Віталь Макрыцкі справа і Віталь Чарноў злева стваралі вастрыню, забяспечваючы нападаючых перадачамі. Пры гэтым крайнія паўабаронцы не толькі выконвалі свае прамыя абавязкі, але яшчэ і самі пагражалі варотам.

На 11 хвіліне небяспечна прабіў Макрыцкі. Мяч трапіў спачатку ў правую штангу, пасля ў левую, нейкім цудам не апынуўся ў варотах, вылецеў у поле. Яшчэ праз чатыры хвіліны пайшоў навес на слуцкую штрафную, варатар кулаком выбіў мяч прама на Яўгена Курловіча. Жэня спакойна зрокава прабіў у левы ад галкіпера вугал варот – 1:1.

Маладзечанцы ўзмацнялі ціск на вароты сапернікаў. 22 хвіліна. Чарноў злева робіць перадачу ў штрафную. Нападаючы Сяргей Космач б’е ў падзенні галавой. Варатар выратоўвае сваю каманду. На трыццатых хвілінах случчане праводзяць некалькі атак у адказ, але рэальнай небяспекі варотам Камінскага не ствараюць.

На першай кампенсаванай хвіліне тайма ў цэнтры ўвагі зноў Космач. На гэты раз на ўдарную пазіцыю Сяргея выводзіць Аляксандр Грыхуцік. Наш нападаючы ледзь-ледзь не паспявае замкнуць перадачу і ў барацьбе з абаронцам карцінна падае ў штрафной. Суддзя разабраўся ў сітуацыі і пенальці, натуральна, не даў. Першая палова гульні так і скончылася нічыёй.

“У перапынку мы папрасілі хлопцаў, асабліва нападаючых, згуляць яшчэ больш актыўна, – кажа Віталь Казяк. – На замену выйшаў Сяргей Корсак і вельмі ўдала ўвайшоў у гульню”.

Менавіта Корсак на 54 хвіліне справа ў штрафной меў добрую магчымасць паразіць вароты праціўніка, але не паскнарнічаў і аддаў мяч цёзку Космачу, які знаходзіўся перад пустымі варотамі. Цяжэй было не забіць – 1:2.

На 64 хвіліне нас выручыў Камінскі. Пасля ўдару са штрафнога ў прыгожым скачку Вячаслаў выцягнуў мяч з левага ніжняга вугла варот. Мы адказалі праз пяць хвілін дакладным ударам Віталя Чарнова – 1:3. А на 77 хвіліне Космач з цэнтра робіць перадачу направа на Макрыцкага, і Віталь надзвычай прыгожым ударам зрывае павуцінне з левай “дзевяткі” слуцкіх варот – 1:4.

Крыху падсапсавала настрой выдаленне на 81 хвіліне за дзве жоўтыя карткі Чарнова. Віталь прапусціць наступную гульню з дзяржынскай “Лівадзіяй”. А на 90 хвіліне матча нашы збілі ў штрафной слуцкага футбаліста, і суддзя паказаў на “кропку”. Не хочаце – не верце, але адразу падумалася: Камінскі возьме пенальці. І Слава ўзяў. Адгадаў накірунак удару, упаў управа і выратаваў. Няхай гэты адбіты пенальці надасць упэўненасці 20-гадоваму галкіперу.

Наступны футбольны дзень для Маладзечна – субота. У суботу Беразінскае, разграміўшы 9 мая на першынстве вобласці дома Чэрвень з лікам 5:0, паедзе ў госці ў Клецк. Асноўная наша каманда наведае ў Дзяржынску “Лівадзію”. Паездкі не абяцаюць стаць лёгкімі прагулкамі, але будзем спадзявацца, што добры настрой пасля мінулых выхадных дапаможа нам у бліжэйшую суботу.

Турнірная табліца*:

1. Асіповічы        9

2. Рудзенск          6

3. Гарадзея 5

4. Орша      5

5. Мясакамбінат  4

6. Зорка-БДУ      4

7. Вертыкаль       4

8. Клечаск  4

9. Жлобін   4

10. Маладзечна    3

11. Нёман   2

12. Лівадзія          2

13. Бяроза  1

14. Слуцкцукар   0

*”Рудзенск” і “Мясакамбінат” правялі на адну гульню менш.