Страхавыя выплаты пачалі атрымліваць 19 мая пагарэльцы вёскі Даўжані, у якой 28 красавіка згарэлі восем жылых дамоў.
Аляксандр і Алімпіяда Васілевічы жылі ў сваім доме і нажывалі дабро ад 1949 года, калі пажаніліся. Цяпер іх прытуліла аднавяскоўка Вера Грышкевіч.
“Муж кожны дзень ходзіць на месца згарэлай хаты. Ад раніцы акруціцца крыху тут і зноў ідзе, – кажа Алімпіяда Іосіфаўна. – Здаецца, нават начаваў бы там…”
“Прадзеды нашы на тым месцы жылі. Прырода… Да ракі пайшоў – лебедзі плаваюць…”, – 82-гадовы Аляксандр Паўлавіч не можа далей гаварыць. Плача.
З васьмі дамоў, якія згарэлі, людзі жылі ў шасці. Намесніца дырэктара прадстаўніцтва дзяржстраху па Мядзельскім раёне Святлана Жолудзева паведаміла “РГ”, што па абавязковым страхаванні гаспадары шасці хат атрымаюць прыкладна па 7 мільёнаў рублёў.
Гаспадары дзвюх хат, у тым ліку і Васілевічы, афармлялі таксама добраахвотнае страхаванне. Гэта яшчэ па 10 мільёнаў. Дзяржстрах гатовы выплаціць грошы ўсім, і гэтыя выплаты ўжо пералічваюцца на рахункі.
Па словах старшыні Сваткаўскага сельсавета Веры Хацяновіч, раённая ўлада дапамагае людзям. Па заяве пагарэльца яму ў Любанскім лясніцтве Вілейскага раёна адвядуць дзялянку лесу для нарыхтоўкі драўніны, з якой можна пабудаваць новы дом.
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказаў гуманітарную дапамогу – адзенне, пасцельную бялізну, летні абутак. І ўжо на другі дзень пасля пажару Чырвоны Крыж адправіў у Даўжані харчовыя наборы.
Тым часам міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле “Знішчэнне маёмасці па неасцярожнасці, якое прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры”.