Кіроўца аўтамабіля «Фольксваген Джэта» памёр ў рэанімацыі ад траўм пасля аварыі, якая здарылася 16 мая ў мястэчку Краснае.
Дзяржаўтаінспектар райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч паведаміў нашаму выданню, што ў суботу, 16 мая, каля паловы дзесятай гадзіны вечара ў мястэчку Краснае на аўтадарозе Мінск-Нарач каля чыгуначнага пераезду аўтамабіль «Сатурн Іон» ударыў «Фольксваген Джэту», якая рухалася перад «Сатурнам» і прытармазіла перад пераездам.
У выніку аварыі 20-гадовы вадзіцель «Фольксвагена» атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. На наступны дзень, 17 мая, пацярпелы памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Паводле інфармацыі Дзмітрыя Стасюлевіча, прычынай трагедыі, у якой загінуў чалавек, стала тое, што вадзіцель «Сатурна» перавысіў хуткасць. Да таго ж, па папярэдніх дадзеных, ён быў нецвярозы.