Вялікае свята футбола адбылося 16 мая ў дзіцячым цэнтры «Надзея».

У рамках Адзінага дня футбола ў Беларусі тут прайшлі фінальныя гульні дзіцячага міні-футбольнага турніру сярод камандаў гарадскіх і раённых школ. Выйгралі турнір юныя футбалісты вілейская сярэдняй школы №3.

У фінале за права называцца лепшай у горадзе і раёне СШ №3 выйграла ў Людвіноўскай школы з мінімальным лікам 4:3. Такія ж лічбы на табло былі пасля фінальнага свістка матча за трэцяе месца паміж камандамі гарадской СШ №1 і Вязынскай школы. І тут мацнейшымі былі гараджане.
За гульнямі назіралі высокія госці са свету футбола — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Бернд Штанге, другі трэнер зборнай каманды Харальд Ірмшард, генеральны дырэктар Беларускай федэрацыі футбола Леанід Дзмітраніца, старшыня Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас, афіцыйны прадстаўнік фірмы «Пума» Хорст Хундэртмарк.
Усе тры каманды, якія занялі прызавыя месцы, атрымалі дыпломы ад арганізатараў турніру, кубкі ад федэрацыі футбола і футбольныя мячы. Камандзе СШ №3, якая стала пераможцай, уручылі пераходны кубак турніру. Кожны футбаліст у падарунак ад фірмы «Пума» атрымаў спартыўную экіпіроўку.
У пяці намінацыях былі адзначаныя лепшыя футбалісты:
лепшы нападаючы — Алякасандр Шалкоўскі (Вязынская СШ);
лепшы абаронца — Іван Тушынскі (СШ №1);
лепшы варатар — Андрэй Вазняк (СШ №3);
лепшы гулец — Яўген Канапелька (СШ №3);
самы карысны гулец — Ігар Шарык (Людвіноўская СШ);
лепшы балельшчык — Антон Старавойтаў (горад Мазыр).
Усяго ў турніры, калі ўлічыць правядзенне занальных спаборніцтваў, узялі ўдзел 26 камандаў. Вынікі турніру паказалі добры ўзровень падрыхтоўкі сельскіх школьнікаў, якія аказалі дастойнае супраціўленне гараджанам.