Пытанне “Каму гэта трэба?” я задала сабе першы раз, напэўна, тады, калі не стала бацькі. Была восень з добрымі прымаразкамі. На двары перабудова і пустыя паліцы магазінаў. Каб раздабыць прадукты да жалобнага стала, маці паехала ў Маладзечна. І цэлы дзень, на пару са сваім стрыечным братам, у якога былі нейкія там сувязі, бегала па магазінах. Прыехала дадому стомленая, заплаканая, бездапаможная. І я, цягаючы сумкі з кузава грузавой машыны, у роспачы спытала: “Каму гэта ўсё трэба?” Пытанне павісла ў паветры. Мабыць, дарослыя думалі гэта ж самае, толькі не ведалі, што мне, тады яшчэ 17-гадовай дзяўчыне, адказаць.

Калі памерла бабуля, па магазінах ужо бегала на пару з мужам і братам. “Каму патрэбныя гэтыя катлеты і навошта круціць цэлую ноч галубцы?” – плакала я ля пліты. “Не мы гэта прыдумалі, не мы і адмяняць будзем, – сказала мне тады маці. – Што людзі падумаюць, калі паставім з табой на стол толькі посную вячэру, бутэрброды ды адно гарачае. Скажуць, што, пражыўшы столькі гадоў, бабуля так нічога ў нас і не зарабіла”.

За гэтыя дзесяць гадоў, што прайшлі з дня яе смерці, сваю думку я не памяняла. І ўсё чакаю, што нарэшце з’явіцца які-небудзь смелы чалавек, які пакладзе канец шыкоўным застоллям. Ну, няправільна гэта, калі стравы за вясёлым і жалобным сталом не адрозніваюцца. Тыя ж кілбасы, куры, фрукты, цукеркі, хіба што шампанскае не ставяць.

Я разумею, што ў любых сітуацыях людзі застаюцца людзьмі. Ім хочацца і есці, і піць. Многія, каб развітацца з роднымі, едуць не тое што за сотні, тысячы кіламетраў. І, канешне ж, усім пасля трэба сабрацца, сесці за адзін стол, каб успомніць памерлых, пагаварыць пра жывых, абмяняцца навінамі, прапусціць чарку, падсілкавацца. Але для гэтага не трэба гатаваць на працягу ночы пяць салатаў і чатыры гарачыя стравы. Можна проста абысціся нейкім мінімумам.

Крыху больш за месяц таму назад у нашу сям’ю зноў прыйшла бяда. Не стала роднага брата майго мужа. “Максім, – прынясі з машыны сумку з газіроўкай”, – прашу свайго 18-гадовага сына і стомлена саджуся на край табурэткі. “Мама, каму гэта ўсё трэба?” – паказвае ён вачамі на завалены прадуктамі стол. Я не ведаю, што яму адказаць. Таму, як калісьці мне мая маці, кажу: “Не мы гэта прыдумалі, не нам гэта адмяняць. Традыцыя такая”.

“Традыцыі прыдумваюць самі людзі, – кажа ён мне, – ты думаеш, што нашы прабабкі так вось праводзілі сваіх родных у апошні шлях? Гэта ўжо асаблівасці сённяшняга пакалення, якое стала жыць лепш і багацей”.

Не магу з ім не пагадзіцца. Ды і жанчыны, якія слухаюць нашу размову, у знак згоды ківаюць галавой. Маўляў, праўда, мяняюцца звычкі і, можа, не ў лепшы бок. Усё часцей і часцей пасля такога вось жалобнага мерапрыемства можна пачуць ад людзей: “Добрае пахаванне было, багатае”. Раней так казалі толькі пра вяселлі.