Даведка “РГ”

Леанід Аляксеевіч Путырскі. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Маладзечне. Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працуе ў навукова-даследчым інстытуце анкалогіі, кіруе аддзяленнем пухлін малочнай залозы. Доктар медыцынскіх навук. Прафесар. Член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук і Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук. Мае больш за 250 навуковых работ, 30 вынаходніцтваў і патэнтаў. Аўтар пяці зборнікаў вершаў. Каля 15 яго паэтычных твораў пакладзеныя на музыку. Жанаты. Мае сына, дачку, унука і ўнучку.

– Леанід Аляксеевіч, што б вы маглі расказаць пра сябе зусім незнаёмаму вам чалавеку?

 

– Я б параіў яму прачытаць пяць зборнікаў маіх вершаў. У іх – уся мая душа. Стараюся быць адкрытым для людзей і як доктар. Сёння, напрыклад, даведаўшыся, што я на дачы, з Маладзечна пазваніла пацыентка. Прыедзе на прыём. Нават у выхадны дзень не магу ўдзяліць увагу толькі сям’і. Доктар застаецца доктарам нават у свой асабісты час. Але мне гэта падабаецца.

– Спачатку было Маладзечна. Што вам даў гэты горад?

 

– Ён даў старт. Я тут нарадзіўся. Мае бацькі, простыя рабочыя людзі, далі мне добрую генетычную спадчыну, магчымасць атрымаць цудоўную адукацыю. Таты няма ўжо дзесяць гадоў, пяць гадоў назад памерла мама. Але дзяцінства запомнілася назаўсёды. Тут я скончыў пятую сярэднюю школу. Ганаруся гэтым і ўдзячны сваім настаўнікам. Тут зімой займаўся хакеем, летам – лёгкай атлетыкай і спартыўным арыентаваннем. На адным з рэспубліканскіх турніраў па хакеі “Залатая шайба” прызы нам уручаў легендарны Усевалад Баброў. Такое можна забыць?

Наша зямля нарадзіла шмат талентаў. I сёння, калі хто скажа мне, што ён з Маладзечна, можа быць упэўнены, што ў яго ёсць патаемны ключык ад маёй душы.

– Вы не робіце сакрэта з таго, што да маладзечанцаў у вас асаблівыя адносіны. Яны ў любы час без цырымоній могуць прыходзіць да вас на прыём. Ці не падобна гэта на нейкую нядобрую прывілеяванасць вашых землякоў перад іншымі пацыентамі?

 

– Не падобна. Такі закон жыцця. Калі ў вас ёсць жонка, яна бліжэй вам, чым суседка. Чалавек з майго роднага горада мне бліжэй за астатніх, але гэта не значыць, што я адмоўлю ў дапамозе хворым з іншых гарадоў. Сваіх маладых дактароў я вучу таму, што ёсць пэўная планка, да якой медык павінен узняцца, аддаючы ўвагу любому пацыенту. I паверце, гэта планка дастаткова высокая. Але ўсё, што вышэй – мая асабістая справа. Маладзечанцы для мяне вышэй за любую планку. Мой родны горад – гэта Мека, у якую я заўсёды вяртаюся. Для мяне гучыць музыкай слова “Маладзечна”. Гэта мая калыска.

– Вы пішаце вершы з 14 гадоў. А калі прынялі рашэнне прысвяціць сябе медыцыне?

 

– Захапленне паэзіяй з’явілася раней, чым захапленне медыцынай. У 14 гадоў я не ведаў, што буду доктарам. Але рашэнне ім стаць, напэўна, у падсвядомасці спела з дзяцінства. Калі мне было восем-дзевяць гадоў, я ледзь не загінуў.

На вуліцы капалі траншэю пад водаправод. Старэйшыя хлопцы ў пяску сапёрнай лапаткай зрабілі пячору. Кажуць: “На, пакапай”. Калі залез у пячору, дзесьці каля метра пяску абвалілася на мяне. Калі мяне, ужо сіненькага, адкапалі, першае, што ўбачыў, – вялікія спалоханыя вочы доктара. Потым ён усміхнуўся і сказаў маёй маці: “Ну вось. Будзе жыць. Можа, яшчэ вялікім чалавекам стане”. Я не ведаў тады, што значыць “стаць вялікім чалавекам”, але ў 10 класе вырашыў паступаць у медыцынскі.

– За што ў адказе доктар? З якой клятвай можна параўнаць клятву Гіпакрата?

 

– З клятвай маці перад сваімі дзецьмі. Яна нараджае дзіця на свет і павінна адказваць за яго. Таксама і доктар. Калі ты адзеў белы халат, ты павінен жыць па прынцыпе Маленькага Прынца Экзюперы: мы ў адказе за таго, каго прыручылі. Хвораму трэба аддаваць усяго сябе.

– Ці бываюць непрафесійныя дактары?

 

– Бываюць. На жаль, ёсць такія “спецыялісты”, якія не могуць правільна паставіць дыягназ, яны разумеюць сутнасць сваіх учынкаў, але не накіроўваюць чалавека да больш кваліфікаванага свайго калегі, бо баяцца страціць уласны прэстыж. Ёсць таксама такія, хто, працуючы ў адной галіне, бярэцца лячыць усё, што заўгодна. Прыклад: я – мамолаг, хаця па спецыяльнасці – анколаг. Канешне, у тэорыі ведаю анкалогію, але як практык займаюся мамалогіяй і лічу, што нядрэнна. Да мяне ж прыходзіць пацыентка, якая раней спрабавала лячыцца ў іншага доктара. Я пытаюся, у каго. Жанчына называе прозвішча спецыяліста, які мамалогіяй увогуле ніколі не займаўся. Такі чалавек не павінен быў нават брацца яе лячыць.

Ёсць калегі, што карыстаюцца багажом ведаў, атрыманых яшчэ ў медуніверсітэце. Гэты багаж за 20-30 гадоў у іх папоўніўся вельмі нязначна. А ўсё ж цячэ, усё змяняецца.

Не хачу нават казаць пра медыкаў, якія злоўжываюць спіртным. Прыходзіш да такога, а ў яго трасуцца рукі. Калі вы бачыце гэта, вы не павінны маўчаць. Перш за ўсё думайце пра сваё здароўе.

– Як вы ацэньваеце ўзровень медыцынскага абслугоўвання ў Беларусі?

 

– Дваіста. З аднаго боку, у нас ёсць цудоўныя дактары. Мы яшчэ не страцілі добрых “вузкіх” спецыялістаў нават у самым пачатковым звяне – у паліклініках. Гэтыя спецыялісты даступныя любому, і гэта добра.

З іншага боку, паспрабуйце прыйсці ў паліклініку і сказаць: я хачу прайсці прафілактычны агляд. Паспрабуйце папрасіць, каб вам зрабілі ультрагукавое даследаванне брушной поласці, паглядзелі страўнік, кішэчнік. На вас паглядзяць вялікімі вачыма. Ніхто вам гэтага рабіць не будзе, калі вы не хворы.

Мы гаворым, што ў нас прафілактычная медыцына, а на самой справе – медыцына на выжывальнасць. Чалавек прыходзіць да доктара тады, калі яго прыціснула хвароба. Трэба ўважліва ставіцца да прафілактыкі. У рэшце рэшт гэта дзешавей абыдзецца.

Сёння закон дазваляе чалавеку выбіраць любога доктара і любую медыцынскую ўстанову, якую ён захоча. Нават без накіравання. Толькі, па-першае, не ўсе пра гэта ведаюць, па-другое, трэба яшчэ дабіцца, каб гэты закон працаваў. У нас жа атрымліваецца, як раней: у цябе ёсць свой участковы, вось да яго і ідзі. Паспрабуеш пайсці да іншага – не прымуць.

Хворы павінен мець права пайсці да лепшага спецыяліста. Усе мы аднолькавыя падаткаплацельшчыкі. Значыць, альбо дайце чалавеку магчымасць лячыцца ў лепшай медыцынскай установе, альбо падцягніце ўсе гэтыя ўстановы да аднолькавага высокага ўзроўню.

У гэтым ёсць праблема. Тым не менш, прафесіяналізм нашых дактароў дастаткова высокі. У розных галінах медыцыны ёсць выдатныя спецыялісты.

– Што трэба зрабіць дзяржаве для таго, каб доктар адчуваў сябе прафесіяналам?

 

– Разбюракратызаваць нашу медыцыну. Сёння ў нас папяровая валакіта стала такой вялізнай, што доктара ставяць перад выбарам: альбо лячыць хворага і атрымаць пасля вымову, што не паспеў аформіць дакументацыю, альбо аформіць дакументы, а пасля, калі застанецца час, заняцца лячэннем. А не застанецца часу, ну і няхай сабе. Любая праверка будзе сустракацца не з хворым, а з гісторыяй хваробы і амбулаторнай карткай. Ніхто з правяраючых не пойдзе да пацыента пытацца, як яго лечаць.

Доктар павінен мець магчымасць выдзеліць пацыенту не пяць-шэсць хвілін, а столькі часу, колькі трэба для лячэння. Ён павінен атрымліваць такую зарплату, каб думаць пра хворага, а не пра тое, дзе вечарам можна падзарабіць.

– Ці мае права доктар падманваць пацыента, не кажучы хвораму, што ў яго смяротны дыягназ?

 

– Усё павінна быць вельмі індывідуальна. Раней мы ніколі не казалі чалавеку, што ў яго рак. I гэта прыводзіла да дрэнных наступстваў. Чалавек усё роўна разумеў, што ў яго смяротнае захворванне. I калі бачыў, што доктар хлусіць, ён пачынаў думаць, што ніколі не вылечыцца і пераставаў змагацца за жыццё. Цяпер мы адкрыта кажам пацыенту праўду, калі ён хоча яе ведаць.

Я абсалютна ўпэўнены: размаўляць з хворым трэба настолькі шчыра, наколькі гэта яму трэба. Адзінае выключэнне: нельга казаць чалавеку, што ён смяротна хворы, калі на самой справе ўжо нельга дапамагчы. Заўсёды павінна заставацца надзея на выздараўленне. На шчасце, ніхто не ведае, колькі яму наканавана лёсам. I доктар не Бог, каб вырашаць гэта. У любым выпадку, праўду трэба казаць вельмі карэктна і асцярожна, каб не забіць чалавека словам.

– Медыцына – не зусім лірычная навука. Адкуль у вас не проста любоў да паэзіі, але яшчэ і жаданне самому пісаць?

 

– А мне здаецца, у медыцыне шмат месца для лірыкі. Кожны дзень сустракаешся з новымі людзьмі, кожнага лечыш па-новаму. Тут ёсць творчасць думкі. Калі ты дапамог чалавеку, вылечыў яго, даў надзею на працяг жыцця, душа спявае, як ад паэзіі.

– I паэзія дапамагае?

 

– Так. Мая паэзія дапамагае маёй медыцыне. А таксама маім пацыентам. Здараецца, хворыя, якія пагарталі зборнікі, пачынаюць абмяркоўваць са мной не ўласныя балячкі, а вершы. Многія пачынаюць пісаць самі. У пяты зборнік “Адкрытае сэрца” ўвайшлі таксама вершы, што напісалі пацыенты. Я апрацаваў іх і з дазволу аўтараў уключыў у сваю кніжку.

– Большасць з вашых вершаў пра любоў да жанчыны. Ці не перашкаджае гэта любоў у рабоце? Вам як доктару часта прыходзіцца рабіць жанчыне балюча фізічна…

 

– Цяжка адказаць адназначна. Канешне, калі я бяру ў рукі скальпель, я раблю жанчыне балюча. Але разам з тым я прыношу не толькі боль, але і выздараўленне.

– Колькасць захворванняў на рак малочнай залозы апошнім часам павялічылася?

 

– На жаль, у апошнія 20-30 гадоў значна. Рызыка захварэць расце з кожным годам. Прычын шмат. Узраслі нервовыя нагрузкі, жанчыны ўсё больш сталі аддаваць перавагу кар’еры, а не нараджэнню дзіцяці. Раджаюць пазней, кормяць грудзьмі радзей. З’явілася больш жаночых захворванняў. Не апошняе слова сказаў Чарнобыль. Горшай стала вада. Гадоў 20-30 таму я мог напіцца вады проста з Віліі. Цяпер гэта і ў галаву не прыйдзе. Казляняткам станеш. I сярод хворых большасць дастойных жанчын, з нядрэнным дастаткам.

– I хвароба заўсёды заканчваецца ампутацыяй?

 

– Не. Я хачу, каб жанчыны зразумелі: калі за сабой уважліва сачыць, можна своечасова знайсці ў сябе нейкія змяненні. Гэта можа быць дабраякасная пухліна. Не абавязкова рак. Маленькая аперацыя – і чалавек выратаваны. Нават на пачатковых стадыях раку мы часта захоўваем грудзі. Таму ўсё ў руках жанчын і іх мужоў альбо сяброў. Калі мужчына заўважыў на грудзях сваёй жонкі ці каханкі нават невялікую зацвярдзеласць, ён павінен ўзяць яе за руку і весці да доктара.

– Мужчына можа заўважыць такую зацвярдзеласць раней, чым сама жанчына?

 

– Не можа, а абавязаны! Але калі жанчын ніхто гэтаму не вучыць, то мужчын тым больш. Вось мы з вамі, магчыма, і пачынаем разам.

– Давайце. Што павінен рабіць мужчына, каб жанчына не захварэла?

 

– Па-першае, узяць на сябе самую цяжкую работу ў сям’і. Зрабіць усё для таго, каб жонка была задаволеная ім як мужчынам і як бацькам сваіх дзяцей. Мужчына павінен памятаць, што яго жонцы трэба раджаць і карміць дзяцей. Своечасова. У 20-25 гадоў павінна нарадзіцца першае дзіця.

Трэба памятаць пра здароў’е. Не прыносіць у дом інфекцый, ад якіх жанчына можа пакутаваць потым усё жыццё. I, нарэшце, жонку трэба проста кахаць. Калі ў вачах свайго спадарожніка жыцця жанчына будзе бачыць каханне, і здароўя ў яе будзе больш. Ну і, канешне, трэба дапамагаць выхоўваць дзяцей, дапамагаць па гаспадарцы.

– Леанід Аляксеевіч, а як у асабістым жыцці? Жонка, дзеці…

 

– У мяне цудоўная жонка. Наталля Пятроўна. Мы ўжо 30 гадоў разам. Яна кандыдат медыцынскіх навук, кваліфікаваны гінеколаг. У свой час восем гадоў працавала ва Усесаюзным цэнтры маці і дзіцяці ў Маскве. Там і абараніла дысертацыю. Цяпер працуе ў медыцынскім цэнтры “Нардзін”. Сыну Юрыю 26 гадоў. Ён таксама доктар. Я не прымушаў яго ісці па маіх слядах. Юра сам вырашыў. Сын з жонкай Веранікай жывуць асобна ад нас. Яны падарылі нам з Наталляй унука Мішу і ўнучку Марышу. Хлопчыку два гады і тры месяцы, дзяўчынцы – сем месяцаў.

Дачка Таццяна жыве з намі. Хутка ёй споўніцца 21 год. Яна не медык. Вывучае замежныя мовы, скончыла музычную школу, брала прыватныя ўрокі па вакале. Трапіла на Еўрабачанне ў ліку 15 фіналістаў.

– Хто ў хаце гаспадар?

 

– Я. Затое жонка – гаспадыня. Страву гатуе яна альбо Таня. А мне прыносіць задавальненне мыццё посуду за ўсёй сям’ёй. Сантэхніка ніколі не выклікаў. Сам рамантую краны і бачок унітаза. Таксама сам вырашаю, якую машыну купляць.

– Колькі гадзін у суткі спіць Леанід Путырскі?

 

– Гадзін пяць-шэсць, не больш. Кладуся каля 12 ночы, устаю каля шасці, а прачынаюся яшчэ раней.

– Чаго не хапае ў жыцці?

 

– Чалавекалюбства. Гэтага не хапае ўсім нам. Добрых, шчырых адносінаў паміж людзьмі.

– Чаго ў жыцці з лішкам?

 

– На жаль, хворых людзей, маіх пацыентаў. Я быў бы шчаслівым, каб як доктар стаў беспрацоўным. Знайшоў бы сабе работу. Пайшоў бы пець, танчыць. У жыцці я сур’ёзна займаўся харэаграфіяй. Альбо стаў бы прадзюсэрам маёй Таццяны. Ездзілі б разам па канцэртах. Але наўрад ці такое магчыма. Работы як у медыка ў мяне хапае, нават з лішкам.

– Што б вы хацелі пажадаць чытачам “Рэгіянальнай газеты”?

 

– Мне б хацелася, каб у будучым усе мы з вамі гаварылі пра медыцыну ўсё радзей і радзей. Гэта б значыла, што нашы жанчыны здаровыя, а мужчыны ўсё больш ўважліва да іх адносяцца. I мы б з вамі забыліся пра медыцыну, наладзілі б у вашай рэдакцыі творчы вечар і гаварылі б толькі пра паэзію.

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.