Даведка «РГ».

Анатоль Яфімаў. Нарадзіўся 20 мая 1949 года ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна. Калі хлопчыку споўніўся год, сям’я пераехала ў Маладзечна. Анатоль вучыўся ў СШ №7, якую скончыў у 1966 годзе. Праз два гады паступіў у сталічны інстытут фізічнай культуры на спартыўны факультэт. Член студэнцкай зборнай Беларусі па баскетболе. У складзе зборнай выступаў на першынстве СССР. Пасля інстытута, у 1972 годзе, вярнуўся па накіраванні ў Маладзечна. Ад таго часу і па сённяшні дзень у спартшколе трэніруе дзіцячыя баскетбольныя каманды. Жанаты. Мае дзве дачкі, дзве ўнучкі і ўнука.

Мы сустрэліся 18 мая, за два дні да 60-годдзя трэнера. Нягледзячы на ўзрост, Анатоль Яфімаў у страі. У канцы красавіка яго зборная каманда Мінскай вобласці вярнулася з Віцебска, дзе стала бронзавым прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў спартсменаў 1995 года нараджэння.

 

— Анатоль Васільевіч, гонар Мінскай вобласці ў Віцебску абаранялі маладзечанскія баскетбалісты?

— Акрамя маладзечанцаў гулялі яшчэ два хлопцы з Валожына і адзін — з Барысава.

— Трэцяе месца — поспех?

— Так, калі ўлічыць, што ў Маладзечне нават залы сваёй няма. Трэніруемся ў школьных спартзалах. Зрэшты, я ніколі не лічыў тых перамог на абласных спаборніцтвах і прызавых месцаў на рэспубліканскіх, якіх дабіваўся са сваімі выхаванцамі на працягу 36 сезонаў, колькі працую. Для мяне гэта не галоўнае.

— Што ж тады галоўнае?

— Выхоўваць адукаваных дзяцей. Я ганаруся тым, што 90 працэнтаў маіх выхаванцаў атрымалі вышэйшую адукацыю. І неабавязкова спартыўную. У першую чаргу сваіх падапечных я вучу думаць. На гульні і ў жыцці. Ніколі нікога не выганяю. Хто бачыць, што не спраўляецца, сыходзіць сам. Прычым не спраўляецца не па фізічных паказчыках, а па інтэлекце.

— Атрымліваецца, баскетбол — інтэлектуальны від спорту?

— Баскетбол — гэта кантактны від спорту. Тут у дэфіцыце часу трэба кожную секунду прымаць рашэнні. Прывяду прыклад: у час рэспубліканскіх спартакіяд праводзілася анкетаванне на тэму «які від спорту самы разумны». Лічылі залатых і сярэбраных медалістаў-выпускнікоў, што займаюцца рознымі відамі спорту. Баскетбалістаў было больш за ўсіх!

— Лепшых сваіх вынікаў вы дабіліся як трэнер?

— Мая гульнявая кар’ера скончылася, калі мне было 22 гады. Я, калі вучыўся ў інстытуце, атрымаў траўму калена і працягваць гуляць на належным узроўні ўжо не мог. Тады я зразумеў: такі мой лёс. Стаў больш займацца вучобай. Выбраў для сябе тры прыярытэтныя прадметы. Спецыялізацыю, анатомію і фізіялогію чалавека, а таксама псіхалогію. Гэта быў пачатак 1970-х гадоў. Ужо тады я зразумеў, што будучае — за амерыканскай мадэллю баскетбола. Каб вывучаць яе па часопісах, якія можна было паглядзець у рэспубліканскай бібліятэцы, я стаў актыўна вывучаць яшчэ і англійскую мову.

— А чым адрозніваецца амерыканская мадэль ад еўрапейскай?

— Амерыканскі баскетбол больш хуткасны, сілавы і кантактны. У нас выводзілі на кідок канкрэтнага гульца, круціўшы перад гэтым мудрагелістыя камбінацыі. У іх — знаходзіцца любы баскетбаліст у добрай пазіцыі — кідае і не задумваецца. У нас на атаку давалі 30 секунд, у амерыканцаў — 24. Трохачковая зона ў нас 6 метраў 25 сантыметраў, у іх — 7 метраў. Ужо тады, у савецкія часы, я са сваімі камандамі прапагандаваў амерыканскі стыль. Многія гэтага не разумелі. І толькі цяпер у Еўропе пераходзяць на амерыканскую мадэль, зразумеўшы нарэшце, што яна лепшая.

— Вам пашанцавала ў жыцці?

— Вельмі. У інстытуце я вучыўся ў адной групе з будучым першым міністрам спорту Беларусі Уладзімірам Рыжанковым. Таксама са мной вучыліся два будучыя трэнеры нацыянальнай мужчынскай зборнай Аляксей Шукшын і Аляксандр Барысаў. Я выгадаваў капітана зборнай сярэдзіны 1990-х гадоў Сяргея Светніка. Перамагаў з камандамі на спаборніцтвах розных узроўняў. А інакш і быць не магло, бо «Анатоль», значыць — «пераможца».

— 60 гадоў — час ісці на пенсію?..

— Ды, здаецца, яшчэ не выганяюць. Буду працаваць, пакуль буду патрэбны спартшколе. Тым больш, што, на жаль, нас, старых трэнераў, і замяніць няма кім. Моладзь не вельмі імкнецца на гэтую работу з-за невялікіх зарплат. А я адчуваю, што порах у парахаўніцах у мяне яшчэ ёсць…

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.