Гранаты і дэтанатары да іх знайшлі рабочыя чыгункі, калі капалі траншэю для электрычнага кабеля паміж сёмым і восьмым пуцямі прыкладна ў 700 метрах ад будынка вакзала ў бок Смаргоні.

Небяспечныя знаходкі ляжалі на глыбіні каля паўметра недалёка ад лакаматыўнага дэпо. Намеснік начальніка маладзечанскай транспартнай міліцыі Юры Тонкавіч паведаміў у інтэрв’ю «РГ», што першыя пяць гранат рабочыя знайшлі ў чацвер, 21 мая, на пачатку пятай гадзіны дня. Месца адразу ачапіў нарад следча-аператыўнай групы аддзела ўнутраных спраў на транспарце.

Страшная знаходка

Выклікалі супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, сапёраў з Мінска. Падчас раскопкаў сапёры адкапалі яшчэ 26 гранат, 13 дэтанатараў да іх, адну мінамётную міну і артылерыйскі ўзрывальнік. «Рэха вайны» вывезлі і знішчылі.

Назаўтра рабочыя прадоўжылі працаваць. На адлегласці каля трох метраў ад учарашняй знаходкі ў бок Смаргоні ў 11.43 адкапалі дзевяць гранат. Сапёры, якія зноў прыехалі на месца, знайшлі яшчэ адну гранату і 14 дэтанатараў. Новыя знаходкі таксама былі вывезеныя і абясшкоджаныя.

Цягнікі, што рухаюцца па сёмым і восьмым пуцях, праходзілі ў аб’езд. Па словах Юрыя Тонкавіча, здарэнне не стварыла цяжкасцяў у рабоце чыгункі.

Сяргей ЗЯНЬКО.