У Вілейцы Віталя ведалі як чалавека, які ў 1989 годзе ўдзельнічаў у жорсткім забойстве работніка культуры Вячаслава Дубовіка.

Абвінавачаны ў забойстве Віталь Корсак па прыгаворы Мінскага абласнога суда правёў тады за кратамі 15 гадоў. У апошнія гады, як паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на праваахоўныя органы, Віталь займаўся вывазам беларускіх грамадзян на работу ў Маскву. Бізнэс быў легальны.

Фота ИТАР ТАСС. Ахвяра перастрэлкі ў Маскве 23 мая.

Фота ИТАР ТАСС.

Цела забітага прывезлі з расійскай сталіцы. У дзень пахавання прадавец адной з рытуальны крам у Вілейцы па тэлефоне ў інтэрв’ю нашаму выданню расказала: людзей, якія набывалі на гэтую жалобную цырымонію вянкі і кошычкі, было шмат.

Жалобныя атрыбуты хтосьці купляў з чорнымі стужкамі, хтосьці — без. Стужкі падпісвалі таксама па-рознаму. Нехта — «Дарагому Віталю», нехта — проста «Віталю». Вянкі былі ад сем’яў, ад дзіцячага сада.

Беларускім крымінальным аўтарытэтам называе Корсака інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Захад». Паводле агенцтва, віляйчаніна разам з вядомым расійскім «злодзеем у законе» Андрэем Голубевым па мянушцы «Скіф» з аўтаматычнай зброі расстраляў невядомы, калі мужчыны сядзелі ў машыне.

Паведамляецца таксама, што ў расійскай сталіцы праваахоўнікі ўзбудзілі крымінальныя справы па артыкулах «Забойства дзвюх і больш асоб» і «Незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі». У следчым упраўленні Масквы адзначылі, што не выключаная версія крымінальных разборак.

Гавораць відавочцы вілейскіх падзей 1989 года

У Вілейцы Корсак быў вядомы як адзін з забойцаў работніка культуры Вячаслава Дубовіка. Рэзананснае жудаснае здарэнне адбылося ў райцэнтры ў 1989 годзе. Наша выданне звязалася з людзьмі, якія памятаюць падзеі канца 1980-х-пачатку 1990-х гадоў, для таго, каб пагутарыць пра здарэнне, якое ўзрушыла і абурыла віляйчан.

Паводле крыніцы інфармацыі «РГ» у праваахоўных органах, суд над Віталем Корсакам адбыўся ў 1 ліпеня 1991 года. Судзіў маладых людзей, якія забілі Вячаслава Дубовіка, а пасля ў сталіцы яшчэ і здзейснілі згвалтаванне, Мінскі абласны суд. Корсака прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Сябар Вячаслава Дубовіка Леанід Гайчук дагэтуль ходзіць на магілу Вячаслава. Тады, у 1980-х, на заводзе «Зеніт» яны разам вялі мастацкую самадзейнасць. Леанід быў мастацкім кіраўніком, а Вячаслаў — кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамбля.

«Мы былі знаёмыя пяць ці шэсць гадоў, — успамінае Леанід Гайчук, — сябравалі, арганізоўвалі канцэрты, акрамя гэтага падпрацоўвалі на вяселлях. І якраз аднойчы трэба было ехаць на вяселле, а Слава не прыйшоў. Ён знік на чатыры ці пяць дзён. А пасля яго цела знайшлі ў Віліі… Гэта забойства стала для Вілейкі шокам. Надзвычайным выпадкам».

Леанід кажа, што і сёння не ведае дакладных абставін здарэння. Ведае толькі тое, пра што гаварылі ў горадзе: у Доме культуры, дзе праходзіў канцэрт «Песняроў», пасварыліся маладыя людзі. Падчас сваркі і бойкі некалькі з іх, сярод якіх быў і Віталь Корсак, забілі Вячаслава Дубовіка, а яго цела кінулі ў Вілію. Леанід Гайчук успомніў таксама, што Віталь, калі яшчэ вучыўся ў школе, займаўся ў вакальна-інструментальным ансамблі, якім кіраваў Вячаслаў. Іграў на гітары… А праз некалькі гадоў пайшоў на забойства кіраўніка ансамбля.

Аляксандр Ардзяка прыехаў у Вілейку з Цюмені ў 1984 годзе. У 1989 працаваў у райаддзеле міліцыі оперупаўнаважаным. Мы пазванілі Аляксандру Аляксеевічу, які ўдзельнічаў у расследаванні забойства. Ён расказаў, што, выцягнуўшы цела сваёй ахвяры з Дома культуры, забойцы яшчэ душылі Вячаслава рэменем і толькі потым у ніжнім парку кінулі ў Вілію. Спачатку крымінальную справу ўзбудзіла пракуратура Вілейскага раёна, потым расследаванне вяла пракуратура Мінскай вобласці. Аператыўнае суправаджэнне забяспечвала міліцыя.

Яшчэ адзін сведка тых падзей, які тады працаваў у вілейскай міліцыі і цяпер для «РГ» даў каментарыі, папрасіў не называць яго прозвішча ў газеце.

«Вячаслаў Дубовік быў цудоўным чалавекам, — расказвае наш суразмоўца. — Ён абсалютна выпадкова і, больш за тое, ні за што трапіў «пад малаткі». А Віталя Корсака я таксама добра памятаю. Нармальны быў хлопец, але вельмі лёгка паддаваўся дурному ўплыву. Вось так і здарылася. А пасля пятнаццаці гадоў адсідкі, напэўна, зачарсцвеў душой. Хаця, калі вярнуўся з калоніі, усе спадзяваліся, што знойдзе сілы жыць нармальна, абзавёўся сям’ёй. Ды вось, бачыце, чым усё скончылася. Каго шкада — дык гэта яго маці. Добрая жанчына. І ці вінаватая яна, што такое адбылося з яе сынам?..»

Сяргей ЗЯНЬКО.