Два жыхары Мінска 21 мая каля шасці гадзін раніцы рыбачылі на вадаёме каля вёскі Дзікшняны. 34-гадовы мужчына і 62-гадовы пенсіянер выкарыстоўвалі забароненыя для лоўлі маламерныя жабравыя сеткі. Рыбалка скончылася ўзбуджэннем крымінальнай справы.

Справа была ўзбуджаная ў гэты ж дзень па артыкуле «Незаконная дабыча рыбы і іншых водных жывёлін», паведаміў выканальнік абавязкаў начальніка дзяжурнай часці райаддзела міліцыі Ігар Шупенька. Паводле яго інфармацыі, мінчане з дапамогай жабравых сетак вылавілі 18 карасёў і 25 акунёў.

Пра незаконную лоўлю ў 10.20 у міліцыю паведаміў начальнік Вілейскай міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету Віктар Івашанка.

Пасля праверкі высветлілася, што інспекцыі браканьеры нанеслі шкоду ў памеры 4 мільёны 275 тысяч рублёў. У мінчан канфіскавалі здабычу, а таксама гумовую лодку з помпай, тры лескавыя сеткі, 11 маламерных жабравых сетак і рыбнік.

Следчы райаддзела міліцыі Дзяніс Ляшчынскі, які вядзе справу, паведаміў «РГ», што пакаранне, прадугледжанае Крымінальным кодэксам за такое злачынства, ды яшчэ здзейсненае ў перыяд нерасту рыбы, — да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Чытайце таксама на гэтую тэму тут.