Ён узяў за ўзор сядзібу свайго дзеда Грышкі, што меў свой хутар паміж Бараўцамі і Урэччам. За Бараўцамі быў лес, кавалак якога належаў дзеду. Сам жа хутар адносіўся да Урэчча. Анатоль Капцюг пражыў з бабуляй сем гадоў, з 1951 да 1957 года, і шмат чаго памятае.

Замест некалькіх малюнкаў у яго атрымалася цэлая серыя. У ёй шмат элементаў, падрабязнасцяў, гумару – каб дзецям было зразумела і цікава. Праўда, цяпер гэтымі малюнкамі пачалі цікавіцца і дарослыя. На заняткі ў музей прыходзяць і вучні старэйшых класаў. Што і чаму знайшло сваё месца ў малюнках, расказвае аўтар.

Вольга РУДНІЦКАЯ.

Сялянская сядзіба

“Двор – гэта не дакладная копія дзедавага. Я стараўся паказаць так, каб усё было добра бачна, але тут ёсць усе асноўныя пабудовы – камора, клець, хлявы, паветка, пуня, гумно. Для малюнка выбраў умоўную сям’ю. Вось гаспадар едзе з млына, вязе мяшкі з мукой. Я вырашыў, што ён прымака, бо мой дзед быў таксама прымакам. Стары гаспадар, цесць, сядзіць на лаўцы. Адна гаспадыня, не ведаю каторая, доіць карову, другая прыйшла за вадой. У гэты час да старога гаспадара, карыстаючыся момантам, ідзе пагаварыць даўняя сяброўка. Тут жа, на дварэ, дзеці гаспадара – дарослы сын, дачка, малодшы сын. Таксама кот, сабака – усё, як мае быць”.