Хата для чалавека заўсёды была сімвалам найвялікшай каштоўнасці. Нездарма людзі казалі: “Свая хатка, як родная матка” і стараліся не ставіць сваё жытло на месцы, дзе раней пралягала дарога, было папялішча альбо пралілася кроў. Дрэннай прыкметай лічылася браць пад пабудову дрэвы, паваленыя бурай, альбо тыя, што рыпяць. Ды і час, калі пачынаць будаўніцтва, людзі выбіралі згодна са станам месяца. А пры пераходзе ў новую хату са старой бралі гаршчок з вуголлем і абавязкова дзяжу, у якой замешвалася цеста для хлеба. Ставілі яе ў чырвоным куце, найбольш шаноўным месцы ў хаце.

Магчыма, гаспадары намаляванай сядзібы таксама будуць спраўляць улазіны па нейкіх местачковых абрадах, звычаях. А пакуль што яны занятыя будаўніцтвам хаты і гаспадарчых пабудоў. Працуюць не адны, талакой.

Побач шчыруюць суседзі, сваякі. Праца, па ўсім бачна, спорыцца. Адны падвозяць лес, другія вось-вось пачнуць устаўляць у вокны рамы, трэція капаюць калодзеж, бо што ж за падворак без вады. Некалькі мужчын занятыя на гаспадарчых пабудовах. Побач майстар робіць дзверы, ля ўваходу ў хату чакае печніка цэгла.
Але лепш пра гэта вам раскажа сам аўтар малюнка.

Марына СЛІЖ.

Ажаніўся старэйшы сын, а ў бацькі сям’я вялікая. Як не круці – трэба новая хата, новая сядзіба.

Уся радня і сваякі ўзяліся за працу. Асноўным будаўнічым матэрыялам у тыя часы было дрэва. Трывалае, цёплае і, як цяпер кажуць, экалагічна чыстае, з бліжэйшага лесу.

Дрэва – універсальны матэрыял. З яго рабіліся сцены і страха, дзверы і вокны, уся мэбля ў новую хату. Дрэва лёгка апрацаваць. Для гэтага патрэбныя толькі піла, сякера ды яшчэ некалькі сталярных інструментаў. Зруб хаты рабіўся з сасновага бярвення, абчэсанага з аднаго ці з двух бакоў, пастаўленага на камяні па вуглах.

Ніякіх катлаванаў і траншэй! Бярвенне шчыльна падганялася, перакладалася мохам, таксама з бліжэйшага лесу. Страха накрывалася саломай, сваёй. Раней шыферу яшчэ не было, а бляха і дахоўка каштавалі дорага. Дзверы з дошак рабіліся на месцы будоўлі, вокны і мэблю выразаў мясцовы ці з суседняй вёскі сталяр. Заставалася купіць шкло на вокны і цэглу на печ. А металічныя вырабы калі не набыць, то заказаць у вясковага каваля. Пабудаваную такім чынам хату можна было пасля разабраць, не пашкодзіўшы ні будынка, ні зямлі пад ім. І сабраць на новым месцы, калі была такая патрэба.

Будаўніцтва – справа мужчынская. Жанчыны гатуюць абед для ўдзельнікаў талакі, старыя вядуць архітэктурна-будаўнічы нагляд, дзеці круцяцца побач і вучацца. Такім чынам захоўваліся і перадаваліся народныя традыцыі.

Сённяшнія хаты сталі называць катэджамі, будуюць іх з цэглы вялікімі, двухпавярховымі, нават з мансардамі, хаця сем’і ў апошні час сталі нашмат меншыя. У хатах толькі начуюць і выціраюць пыл з паліраванай мэблі. Тэхнічны прагрэс – справа добрая, але з ім мы нешта губляем і ўсё больш залежым ад крамы і крэдытаў.