Кросны

“Калі мяне папрасілі намаляваць ткацкі станок, я адразу не мог уявіць, як гэта зрабіць. Пасля пачаў праглядаць малюнкі і фатаграфіі кроснаў. Заўважыў, што для таго, каб вал, які трымае аснову, не раскручваўся, пад яго падстаўлялі палку.

І тут я ўзгадаў, што бабуля майго сябра Валянціна Ахрэма, якую звалі бабка Настуля, ужывала для гэтай мэты шчотку. Тады ў мяне ўсё стала на месца, і я ўспомніў, як выглядалі яе кросны. Іх ставілі на кухні. Нам з Валікам было гады па чатыры. Бабуля саджала нас у начоўкі замест грузу і ткала.

На малюнку дачка вучыцца ў маці гэтаму рамяству. Пад столлю сохнуць пафарбаваныя ніткі.”.