Сені (прывен)

“Сені – нашы. У нас усё выглядала дакладна так, толькі я змясціў тут большы набор прадметаў, каб паказаць дзецям, што ў гэтым памяшканні ўвогуле магло быць. Сені ў нас называлі прывенам. Тут, бачыце, венікі і ражкі для лазні, жорны, венікі для таго, каб месці, веялкі, рашоты, крытая бочка для мукі. Злева – куфар, у якім раней усё захоўвалі. Гэта раніца. Гаспадар яшчэ не паспеў прычасацца, як цешча выгнала яго намалоць мукі. Унучку таксама прыслалі дапамагаць бацьку. Яна стаіць незадаволеная, надзьмутая.

Трошку прасыпалася збожжа, і ўжо з аднаго боку крадуцца куры, з другога – мышы. Пасярэдзіне і злева вісяць газавыя ліхтары. Менавіта такі быў і ў маёй бабулі. Яго запальвалі, калі трэба было вечарам пайсці ў хлеў ці яшчэ куды. Тут жа, на паліцы, стаіць бутэлька з газай, лейка, ляжаць нейкія капелюшы. Ёсць у клеці таксама маслабойка, ступка для прыправаў, ступа для круп – як у бабулі на хутары”.