Сёння дзядзька Капцюг гаворыць з чытачамі пра кавальства. Адзін з відаў сялянскіх рамёстваў, без якога некалі ні ў якім разе нельга было пражыць у вёсцы. Бо хто, калі ні каваль, навострыць сякеру, адновіць насечку на сярпах, адрамантуе плуг і падкуе каня.

Кажуць, што кавальства ў свой час адносілася да ліку рамёстваў спадчынных. І майстэрства ўпраўляцца з молатам перадавалася з пакалення ў пакаленне. Ад бацькі да сына, ад сына да ўнука.

А ў некаторых вёсках, мястэчках былі такія кавалі, да якіх нават выстройваліся чэргі. Мець плуг альбо серп ад добрага майстра было не толькі прэстыжна, але і зручна. Тэхнікі ж тады не было ніякай, людзі ўсё рабілі ўручную і ў час сяўбы альбо жніва спадзяваліся толькі на верных памочнікаў – каня, добрыя плуг, барану, серп ды свае рукі.

Вось як расказвае пра гэта рамяство дырэктар школкі, ён жа архітэктар і краязнаўца з Вілейкі Анатоль Капцюг: “Кавальская справа патрабавала мноства ўсялякіх спецыфічных прылад і інструментаў, вялікага майстэрства і крэатыўнасці (моднае слова з тэлевізара ў перакладзе з англійскай мовы – творчых здольнасцяў). Таму даўней кузня будавалася адна на вёску, а то і на некалькі навакольных. У ёй можна было зрабіць і адрамантаваць усё, што звязана з жалезам. Кузня, якую памятаю, знаходзілася непадалёк ад нашага хутара. У ёй з раніцы да вечара чуўся перазвон жалеза. Летам мы з сябрам, Валікам Ахрэмам з Урэчча, хадзілі паглядзець на працу каваля.

Асабліва нас цікавіла куча жалязяк, што ляжала перад кузняй і ў якой было шмат цікавых цацак. Толькі-толькі скончылася вайна, разбітую тэхніку і зброю сабралі, а дробныя часткі і абломкі засталіся. Іх пазбіралі і злажылі на нашу і каваля радасць каля кузні, якая была падобная на даўнейшыя, без электраматораў і вентылятараў.

Ды і электрычнасці ў вёсках яшчэ не было. Пасярэдзіне кузні стаяла адкрытая печ-гарно з паддувалам і мехам для раздзімання агню. Мех прыводзіўся ў дзеянне кавалём з дапамогай палкі, зачэпленай за бэльку. Побач стаяла вялікая дубовая калода з прымацаваным да яе кавадлам. Каля калоды – цэбар з вадой для ахалоджвання і гартавання каваных вырабаў.

Пад сцяной стаяў варштат з ціскамі, каля варот – вялікае тачыла на ножках з паддонам, запоўненым вадой. На сценах віселі падковы і мноства незвычайных інструментаў. Мы ў захапленні глядзелі на каваля Івана Раманавіча з Урэчча, вялікага і моцнага дзядзьку, які няспешна і паважна падыходзіў да кучы жалязяк, доўга выбіраў патрэбную, вяртаўся ў кузню і пачынаў нешта каваць ці рамантаваць. А рамантаваць было што. На ўвесь бараўскі калгас былі адна малатарня і адзін даваенны трактар. Усё рабілася косамі, сярпамі, віламі, плугамі і баронамі на конскім хаду. Коні і людзі вытрымлівалі, а жалеза часта ламалася і тупілася.

Перад кузняй ляжаў вялікі круглы камень-жоран, напэўна, ад млына, на якім накладвалі разагрэтыя шыны на калёсы, тут жа падкоўвалі коней. Да каваля прыходзілі вяскоўцы, каб за кавалачак сала ці яшчэ што адрамантаваць альбо навастрыць прылады працы. Таму кузня вабіла не толькі нас, але і ката-зладзюгу, які цікаваў, каб што-небудзь украсці.

На малюнку за майстра – мастак Цітовіч, за памочніка – я, толькі крыху маладзейшыя. За ката – кот Сяргей Міхалыч і толькі сялянскі хлопчык сапраўдны і, можа, яшчэ варона, якая назірае за працай са страхі”.

Вось так расказвае пра свой малюнак і тое, што хацеў на ім паказаць, сам аўтар. Заўважце, што ўсе яго “ўрокі” базуюцца на ўласных дзіцячых успамінах, звязаных з хутарам Урэчча, дзе прайшлі дзіцячыя гады. Многія нашы чытачы дзякуючы малюнкам Анатоля Капцюга таксама пераносяцца ў сваё дзяцінства. І ў лістах, паведамленнях дзякуюць гэтаму чалавеку за тое, што стварыў пры дапамозе малюнкаў сапраўдную энцыклапедыю сялянскага жыцця.