Шэсць тысяч долараў ЗША перадаў 42-гадовы жыхар вёскі Крывое Сяло Вілейскага раёна 28-гадоваму маладзечанцу як аплату за жылы дом у Куранцы.

Маладзечанец разам з грашамі знік, а дом так і не быў аформлены ва ўласнасць пакупніка.

Выканальнік абавязкаў начальніка дзяжурнай часці Маладзечанскага райаддзела міліцыі Ігар Шупенька паведаміў «РГ», што па факце махлярства, здзейсненага ў буйным памеры, 26 мая міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу. Паводле інфармацыі Ігара Шупенькі, здарэнне адбылося ў сярэдзіне верасня ў кватэры аднаго з дамоў па вуліцы Францішка Скарыны ў Маладзечне.

Па папярэдніх дадзеных, махляр і не думаў прадаваць дом, які знаходзіцца на вуліцы Паніна ў вёсцы Куранец Вілейскага раёна. Пацярпеламу была нанесеная матэрыяльная шкода на суму 6 тысяч долараў ЗША, што на момант злачынства складала 12 мільёнаў 684 тысячы рублёў. Міліцыя цяпер вышуквае махляра.