Маршрутка ад сутыкнення перакулілася. Траўмы галавы атрымаў чатырохгадовы хлопчык, пасажыр таксі.

Фельчар “хуткай дапамогі” Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Булацкі і вадзіцель Ігар Дубаневіч былі на месцы праз 10 хвілін пасля выкліку.

“Каля перакуленай маршруткі я ўбачыў жанчыну з хлопчыкам на руках, – расказвае Яўген Булацкі. – Зразумеў: у першую чаргу трэба дапамагчы дзіцяці. Мне падалося, што маці была ў шоку: яна паводзіла сябе не вельмі адэкватна і не хацела выпускаць сына з рук. Я пасадзіў іх у нашу машыну і аказаў першую дапамогу. У хлопчыка былі ўсе прыкметы закрытай чэрапна-мазгавой траўмы і страсення галаўнога мозга. Яго маці атрымала удар галавы і траўму левай рукі”.

Выратавальнікі на сваёй машыне адвезлі пацярпелых у бальніцу. Хірург у бальніцы сказаў, што першая дапамога хлопчыку была аказаная вельмі своечасова.

Нязначныя траўмы ў аварыі атрымалі яшчэ два чалавекі з тых васьмі, што ехалі ў маршрутцы. Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў старшы інспектар дарожна-паставой службы Руслан Скварцоў. Паводле яго слоў, аўтамабілем “Таёта Раф 4” кіравала 38-гадовая маладзечанка. Яна ехала з боку Вілейкі. Жанчына пераехала праз пуці, не справілася з кіраваннем і раптоўна выскачыла на паласу сустрэчнага руху.

Вадзіцель маршрутнага таксі маркі “Газэль”, што рухалася насустрач, не чакаў такога манеўру сустрэчнай легкавушкі. Машыны сутыкнуліся. Ад удару маршрутка перакулілася ў правы па ходу руху кювет.

Руслан Скварцоў кажа: кіроўца “Таёты” патлумачыла прычыны здарэння тым, што была слізкая мокрая дарога і яе машыну занесла. Інспектар адзначыў: жанчына не была прышпіленая рамянём бяспекі. Таму ад сутыкнення моцна ўдарылася галавой аб лабавое шкло сваёй машыны.

 

Сяргей ЗЯНЬКО.