Сайт не з’яўляецца люстраным адбіткам “папяровай версіі”, хаця пакуль большасць матэрыялаў так ці інакш з’яўляюцца і ў інтэрнэт-прасторы, і на паперы. Але з кожным днём сайт газеты будзе не толькі усё больш напаўняцца сваімі навінамі, але важна тое, што пры тыднёвым рытме жыцця “Рэгіянальнай газеты” мы будзем напаўняць сайт навінамі штодня.

Урэшце сайт будзе станавіцца усё больш самастойнай крыніцай інфармацыі. А разам з папяровай “РГ” ён утворыць адзінства, своеасаблівы сімбіёз, як кажуць біёлагі. Мы чакаем, што тэмы з папяровага выдання будуць абмяркоўвацца на сайце, там будуць абмяркоўвацца і тэмы, запланаваныя да друку. А з падказкамі і падтрымкай наведнікаў сайта газету будзе рабіць прасцей.

Наш сайт пабудаваны так, што акрамя навін ды зручных для карыстальніка сэрвісаў (функцыя “напісаць у рэдакцыю”, магчымасць абмеркавання кожнай публікацыі і г.д., а ў далейшым і, магчыма, форумаў), там ёсць іншая карысная інфармацыя.

Напрыклад, вядомая і якая ўжо стала папулярнай рубрыка “Школка дзядзькі Капцюга” ў інтэрнэце займела са згоды яе аўтара свой электронны архіў. Сёння настаўнік гісторыі ці краязнаўства можа проста сцягнуць файл з побытавым рысункам на свой комп, каб далей скарыстаць у працы.

Прасцей стала і рэкламадаўцу. Не трэба тэлефанаваць у рэдакцыю, каб даведацца пра расцэнкі і ўмовы размяшчэння рэкламы. Дастаткова ў любы час дня і ночы зайсці на сайт і сцягнуць неабходны файл.

Сайт “Рэгіянальнай газеты” толькі што прайшоў тэставанне. Не выключана, што да яго могуць быць заўвагі. Мы з удзячнасцю іх выслухаем, каб палепшыць сваю працу. Бо і сам сайт ствараецца толькі дзеля таго, каб ісці насустрач чытачу, які мяняецца, як мяняецца свет.

Каб усё гэта пабачыць, дастаткова набраць на сваім камп’ютары ўсяго пяць сімвалаў: rh.by.

З павагай
Аляксандр МАНЦЭВІЧ,
галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты”.