Гаспадыня, жанчына рухавая і працавітая, вельмі любіла, каб ва ўсім быў парадак. У яе і ў доме было – бы ў тым музеі. На кожныя выхадныя прыязджалі дзеці, унукі, і ёй хацелася, каб усім было прыемна і ўтульна. Пякла, варыла, гатавала, марынавала, каб былі пад’еўшы, каб мець што з сабой даць.

“Сарвалася”, – казалі пра Марыю суседкі, – калі даведаліся, што машына “хуткай дапамогі” забрала яе ў бальніцу прама з рабочага месца. А дзесьці праз месяц, ранічкай, выганяючы ў поле кароў, пачулі сумную навіну: жанчына памерла.

Абхапіўшы галаву рукамі, Васіль сядзеў на двары. Яшчэ гадзіну назад моцны мужчына, які не баяўся ніякай работы і хутка спраўляўся як з калгасным трактарам, так і касой, плугам, малатком, маладым садам і ўласнай пчалінай пасекай ля лесу, раптам стаў слабы і бездапаможны. “Сынам тэлефануй, – штурхала яго ў бок суседка, – кажы, каб ехалі. Парадкаваць жа трэба, хаваць”.

Пахаванне тое прайшло для Васіля як у сне. Як у сне ён цяпер і жыў. Рупіўся, нешта рабіў, але ўсё валілася з рук. Не цвілі больш пад вокнамі іх веранды кветкі, не пахла ў доме пірагамі і сушанымі яблыкамі, сыпаліся з дрэў вішні. Пашкадаваўшы, узяў аднаго вечара вядзерца, пайшоў збіраць. Там, пад дрэвамі, і прыхапіла яго сэрца. Пакуль людзі агледзелі, “хуткую” выклікаць было ўжо позна.

“Што з гаспадаркай, з хатай рабіць будзем?” – спытаўся старэйшы брат у малодшага. “Можа, я жыць сюды пераеду, – нясмела пачаў Іван, – кватэрай пакуль што не абзавёўся, чарга на кааператыў дойдзе мо, праз гадоў дзесяць. А пакуль пабудуюць, на пенсію трэба будзе збірацца. Школа тут ёсць, працаваць у калгас пайду. Ды і жонцы, думаю, работа знойдзецца. Бацька казаў, бухгалтар калгасу трэба”.

Сяргей думаў два тыдні. А пасля патэлефанаваў Івану і сказаў, што хату давядзецца прадаць і грошы падзяліць. Апісаная на дваіх, значыць, кожны павінны атрымаць сваю долю.

“А можа, я табе сплачу, – нясмела пачаў змагацца за бацькаву хату Іван. – Дай мне некалькі месяцаў, вазьму крэдыт у банку і з табой разлічуся”. “Калі тое будзе, – буркнуў Сяргей, – ды й пакупнік у мяне ўжо ёсць”.

Хату купіў нейкі мінчук. Сказаў, што збіраецца перавезці бліжэй да сталіцы сваіх бацькоў, якія жывуць дзесьці на Гомельшчыне. Але старыя, відаць, не пагадзіліся, і хата тая так і стаяла без гаспадара. Аб’ехала, пакасілася. Можа б, і зарасла па самыя вокны, каб не Іван. Прыедзе на могілкі да сваіх, возьме касу, абкосіць.

…Апіраючыся на палку, вуліцай шыбка ішла бабуля Агата. “Ты куды гэта?” – пыталіся ў яе вясковыя жанчыны. “Да паштаркі ляту, – ахвотна расказвала тая, – Ваньку званіць буду. Я ж хату яму бацькаву вытаргавала. Як паслухаў новы гаспадар тую гісторыю, назад сказаў прадасць, за тыя ж грошы. Бацькі ўсё адно не едуць. А дачу сабе ён і ў іншым месцы можа купіць. Яму якая розніца. А Ваньку – бацькаўшчына”.

Сёлета ўжо дзесяць гадоў, як у гародчыку некалі пустога, закінутага дома цвітуць кветкі…

Марына СЛІЖ.