Здарэнне адбылося ў навагоднюю ноч ў пустуючым доме адной з вёсак Валожынскага раёна.

Паводле праведзенага пракуратурай расследавання, 1 студзеня каля паловы шостай гадзіны раніцы пасля святкавання Новага года п’яны Віктар раздзеў і згвалціў Марыю, якая таксама была п’яная і знаходзілася ў непрытомным бездапаможным стане.

У вясковым доме, у якім ніхто не жыў, моладзь збіралася не першы раз. Удзельнікі п’яных кампаній на допытах расказвалі, што адзначалі тут таксама надыход новага 2008 года. Вось толькі тады ўсё скончылася без здзейсненых злачынстваў. На святкаванні надыходу 2009 года без гэтага не абышлося.

Кампанія прыкладна з дваццаці маладых людзей — паўналетніх і непаўналетніх — сабралася ў доме каля дзвюх гадзін ночы. Марыя, адзначыўшы свята дома, прыйшла сюды са сваімі сяброўкамі. Яна расказвала, што па дарозе дзяўчаты выпілі віна, а з кампаніяй у доме пілі гарэлку. Паводле яе слоў, сама яна выпіла дзесьці бутэльку гарэлкі.

Маладыя людзі весяліліся, танчылі. У нейкі момант Марыя ап’янела да страты прытомнасці. Расказвае, што не памятае, што з ёй адбывалася. Памяць вярнулася толькі тады, калі яе разбудзіла доктар «хуткай дапамогі». Дзяўчына ўбачыла, што ляжыць на ложку ў тым самым доме. Яе адзенне ляжала побач. На Марыі была толькі куртка.

Пра тое, што гэтай ноччу нехта ўступіў з ёй у палавую сувязь, дзяўчына даведалася ад дактароў у бальніцы. Сама ж нічога не памятае.

Сваю віну ў дзеяннях сэксуальнага характару і згвалтаванні Віктар Г. на допытах прызнаў цалкам. Ён прызнаўся, што калі хлопцы і дзяўчаты разышліся, у доме акрамя яго і Марыі заставаліся яшчэ два хлопцы, якія знаходзіліся ў іншым пакоі. Марыя ляжала на ложку п’яная і маўчала. Тады ён і вырашыў скарыстацца бездапаможным станам дзяўчыны…

Раніцай Марыю ў доме знайшлі выпадковыя людзі. Яны баяліся, што ў дзяўчыны што-небудзь можа здарыцца са здароўем, таму пазванілі ў «хуткую дапамогу». Дактары, убачыўшы, што дзяўчына была пазбаўленая цнатлівасці, звярнуліся ў міліцыю. Пра тое, што дачку згвалцілі, маці Марыі даведалася ад міліцыянераў і напісала заяву, у якой папрасіла знайсці і пакараць гвалтаўніка.

Маці Віктара праз два дні пасля здарэння прыходзіла да маці пацярпелай. Прасіла забраць заяву, прапаноўвала грошы, але плёну просьбы не прынеслі. Зрэшты, каб пацярпелыя нават не мелі да абвінавачанага прэтэнзій, справа ўсё адно скончылася б судом. Паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса, за такія злачынствы можна атрымаць ад пяці да трынаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Абставін, што змякчалі б віну Віктара, следства не ўстанавіла. Абцяжарыла віну тое, што Віктар знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і здзейсніў злачынства супраць чалавека, які знаходзіўся ў бездапаможным стане.

Арцём САСОНКА, пракурор Валожынскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Меркаванне эксперта

У сувязі з тым, што здарэнне мела вялікі грамадскі рэзананс, справу расследаваў намеснік пракурора Валожынскага раёна Віталь Юрэвіч, які мае вялікі досвед следчай работы.

У інтэрв’ю нашаму выданню Віталь паведаміў, што вынес прадстаўленне ў школу, дзе вучацца Віктар і Марыя. У гэтым дакуменце ён адзначыў: школа недастаткова надае ўвагі выхаванню моладзі. Па сутнасці, яна бяздзейнічае.

«Ніхто з Віктара віны не знімае, — кажа Віталь Юрэвіч, — і акрамя яго ў здарэнні ніхто не вінаваты. Разам з тым, каб педагогі і бацькі належным чынам паставіліся да прафілактыкі такога злачынства, яно магло б не адбыцца. Удзельнікі гэтай гісторыі маюць станоўчыя характарыстыкі, але пра якія станоўчыя характарыстыкі можна гаварыць, калі непаўналетнія позна ноччу п’юць гарэлку, і дарослыя ці то не ведаюць пра гэта, ці то не звяртаюць увагі? Я ўжо не кажу пра тое, што ёсць правілы паводзін непаўналетніх, згодна з якімі дзецям і падлеткам ва ўзросце да 18 гадоў у час канікулаў і ў выхадныя дні забараняецца ад 23 да 6 гадзін знаходзіцца ў грамадскіх месцах без суправаджэння бацькоў альбо тых, хто бацькоў замяняе».