Трэніруе нашых футбалістаў Валеры Ветраў. У інтэрв’ю «РГ» ён расказаў, што мы з разгромным лікам 15:0 перамаглі каманду Мінскага раёна, у паўфінальнай гульні былі мацнейшыя за Стаўбцоўскі раён — 4:1. У фінале сустрэліся з прынцыповымі праціўнікамі з Барысаўскага раёна.

Летась нашы таксама ў фінале прайгралі барысаўчанам з лікам 1:2 і ўпершыню за чатыры гады саступілі першае месца. Сёлета нашы вярнулі сабе пальму першынства, выйграўшы ў Барысава 4:1.

У сваёй камандзе Валеры Ветраў адзначыў лепшых футбалістаў. Гэта — нападаючы Аляксандр Цар, цэнтральны паўабаронца Ягор Гудзель, крайні правы хаўбек Дзмітры Сергіевіч, цэнтральны абаронца Раман Клімячыц, апорны паўабаронца Аляксей Вышынскі. Лёша малодшы за сваіх партнёраў, ён 1996 года нараджэння, але на полі глядзеўся здорава.

Па выніках абласных спартакіяд збіраюцца зборныя вобласці для спаборніцтваў у алімпіядзе рэспубліканскай. У зборную Мінскай вобласці ўвайшлі адразу восем маладзечанскіх футбалістаў. Рэспубліканская спартакіяда пройдзе 19 чэрвеня ў Слоніме.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Валерыем ВЕТРАВЫМ.