У двары нежылога дома ў вёсцы Пекары 6 чэрвеня а палове дзевятай раніцы знойдзена цела 17-гадовага жыхара вёскі Гарадзілава, навучэнца другога курса Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. На патыліцы памерлага была рана.

Паводле праведзенай медыцынскай судовай экспертызы, хлопец памёр каля гадзіны ночы 6 чэрвеня ад вострай унутранай страты крыві, якая адбылася ў выніку пералому рэбраў справа з пашкоджаннем правага лёгкага. Падчас аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў міліцыя ўстанавіла, што хлопца жорстка збіў 49-гадовы мужчына, гаспадар дома, у двары якога знайшлі труп.

Па папярэдняй інфармацыі, мужчына падчас сваркі біў непаўналетняга хлопца драўлянай палкай. Пацярпелы атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх памёр на месцы здарэння.

Следчы аддзел райаддзела міліцыі па факце злачынства ўзбудзіў справу па трэцяй частцы 147 артыкула Крымінальнага кодэксу — «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці пацярпелага. Санкцыя гэтай часткі артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення сваботы на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

Мяркуемы забойца знік з месца здарэння, цяпер яго шукае міліцыя.

Сяргей ЗЯНЬКО.