Дырэктар турклуба «Пілігрым» Сяргей Бялкоў расказаў у інтэрв’ю «РГ», што ў спаборніцтвах узялі ўдзел 10 камандаў — усяго больш за 250 спартсменаў. У агульнакамандным заліку першае месца, як і летась, заняла каманда завода металічных канструкцыяў, другімі сталі турысты аддзела адукацыі райвыканкама, трэцяе месца ў каманды Маладзечанскіх электрасетак.

«Нават экстрэмальнае мокрае надвор’е ў нядзелю не перашкодзіла спартсменам выйсці на старт і знайсці большасць пікетаў, — расказвае Сяргей Бялкоў. — Адметнасцю сёлетняга злёту стала тое, што ўпершыню прайшлі спаборніцтвы па турысцкім трыятлоне. Яны ўключылі ў сябе элементы пешаходнага, воднага і веласіпеднага турызму. Спартсмены віталі ўвядзенне трыятлону як добрую трэніроўку для паляпшэння асабістага майстэрства».

У асобных відах спаборніцтваў месцы аднолькава размеркаваліся ў начным арыентаванні і турысцкай паласе перашкод — тройка лідэраў тут склалася таксама, як і ў агульнакамандным заліку: 1. ЗМК, 2. Аддзел адукацыі, 3. МЭС.

У тэхніцы велатурызму металаканструктары саступілі першы радок камандзе чысцінскай «Забудовы», трэцяе месца ў завода «Спадарожнік». У дзённым арыентаванні завод ЗМК таксама стаў другім, прапусціўшы наперад аддзел адукацыі. Трэцяй ў гэтым відзе стала каманда «Шнуравая часць» дыстанцыі сігналізацыі сувязі Беларускай чыгункі.

Традыцыйна добра прайшлі спаборніцтвы сярод дзяцей, якіх на злёт прывезлі бацькі. Лепшых маленькіх турыстаў на дзіцячай паласе перашкод ўзнагародзілі ліхтарыкамі, чым дзеці былі вельмі задаволеныя.

Нязменны начальнік дзіцячай паласы перашкод — Вадзім Прончанка. Цудоўную дыстанцыю начнога арыентавання паставіў Аляксандр Хаўрук з электрасетак, турысцкую паласу перашкод падрыхтаваў Аляксандр Страх, настаўнік фізкультуры СШ №5. Дыстанцыю дзённага арыентавання — Андрэй Дзеніс з трубнага завода. Усе чацвёра — члены турысцкага клуба «Пілігрым».

Па словах Сяргея Бялкова, на злёце «адвялі душу» рыбакі. Аляксей Шлойда з аддзела адукацыі злавіў амаль мятровага шчупака.

Сяргей ЗЯНЬКО.