Ад таго часу Віктар знаходзіўся ў міжнародным вышуку. У лютым 2009 года яго затрымала расійская міліцыя ў горадзе Наварасійску. Уцекача перадалі беларускім праваахоўным органам, і больш чым праз дзевяць гадоў адбыўся суд над чалавекам, якога абвінавацілі ў разбоі, замаху на забойства з карысці і ў забойстве з асаблівай жорсткасцю.

Расследаванне злачынстваў дзевяцігадовай даўніны вяла пракуратура Маладзечанскага раёна. Згодна з вынікамі расследавання, Віктар П. і яго знаёмы Дзяніс Б. 7 студзеня 2000 года каля 17 гадзін у Красным папрасілі вадзіцеля аўтамабіля «Фольксваген Гольф», каб той падвёз іх у пасёлак Партызанскі Вілейскага раёна. Віктар з Дзянісам былі знаёмыя па калоніі, дзе разам адбывалі пакаранне. Віктар сядзеў за крадзеж асабістай, грамадскай і дзяржаўнай маёмасці ў буйным памеры. Вадзіцель пагадзіўся падвезці сяброў.

У 17.30 у Вілейскім раёне ля вёскі Казлы Віктар накінуў на галаву вадзіцеля металічную пятлю. Пасажыры завалодалі аўтамабілем і рэчамі, якія ў ім знаходзіліся. Кіроўца «Фольксвагена» здолеў вырвацца ад нападальнікаў і ўцячы. Па гэтым факце пракуратура прад’явіла Віктару абвінавачанне ў разбоі і замаху на забойства вадзіцеля аўтамабіля.

Следства даказала таксама, што праз чатыры дні пасля нападзення, 11 студзеня, Віктар з Дзянісам у прыватным доме на вуліцы Віленскай у Маладзечне з асаблівай жорсткасцю з хуліганскага намеру забілі 56-гадовага гаспадара дома. Свой дом гаспадар здаваў у арэнду брату Віктара. У той дзень ён выпадкова зайшоў да наймальніка, у якога ў гасцях знаходзіліся нецвярозыя Віктар і Дзяніс.

Гаспадар проста пацікавіўся: што тут робяць пабочныя людзі. Пасля гэтага Віктар і Дзяніс нанеслі мужчыну не менш за 25 удараў рукамі, нагамі, металічнай качаргой, гумовым шлангам і табурэткай. Ад шматлікіх траўмаў пасля асаблівых пакут і мучэнняў пацярпелы памёр на месцы здарэння.

Дзяніс Б. за свае злачынствы атрымаў адразу. Тады ж, у 2000 годзе, ён быў асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі. А Віктар знік. З’ехаў у Расію і быў аб’яўлены ў вышук.

Цяпер падчас следства, якое вялося ў сакавіку і красавіку 2009 года, Віктар П. прызнаў сваю віну толькі ў разбоі. У замаху на забойства вадзіцеля «Фольксвагена» ў Вілейскім раёне і ў забойстве гаспадара дома на вуліцы Віленскай у Маладзечне вінаватым сябе не прызнаў.

Сцвярджаў, што ўбачыў, як Дзяніс б’е нагамі гаспадара дома, адразу забраў свае рэчы, пабег на чыгуначны вакзал, выехаў з Маладзечна, потым — праз Асіповічы і Хойнікі — да Гомеля і адтуль — на Маскву, з Масквы — у Наварасійск.

Нягледзячы на тое, што па большай частцы абвінавачання Віктар адмаўляў сваю віну, следства палічыла яе даказанай. Былі сабраныя сведчанні шматлікіх відавочцаў падзей студзеня 2000 года. У тым ліку, пацярпелых — вадзіцеля таго самага «Фольксвагена», які падвозіў Віктара з Дзянісам ад Краснага ў Вілейскі раён і цудам застаўся жывы, а таксама жонкі і сына гаспадара дома на Віленскай, які быў забіты.

Следства ўстанавіла абставіны, якія абцяжарваюць віну Віктара — здзяйсненне злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення. Абставінаў, што змякчаюць віну, устаноўлена не было…

Вадзім ШУКРЫНАЎ, старшы следчы пракуратуры Маладзечанскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.