За гэты час ён паспеў расказаць чытачам пра сялянскую сядзібу і нават паказаць яе будаўніцтва, а таксама пазнаёміў з некаторымі відамі рамёстваў. Да ліку іх адносіцца і ганчарства, пра якое будзем гаварыць сёння.

Сялянскія рамёствы. Ганчарства

Ганчарства – агульная назва аднаго з найважнейшых заняткаў – вытворчасці ганчарных вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння з гліны. Назва паходзіць ад слова “горн”.

У эпоху Кіеўскай Русі асноўнымі цэнтрамі, дзе займаліся гэтай справай, былі гарады Полацкай, Тураўскай і Смаленскай зямель, Панямоння. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі створаныя ганчарныя арцелі. Выраб глінянага посуду ў якасці дапаможнага промыслу існаваў нават у некаторых калгасах. У 1930-я гады саматужная ганчарная вытворчасць прыкметна скарацілася, а ў многіх месцах зусім спынілася. У Заходняй Беларусі ў перадваенны перыяд шмат ганчароў займаліся промыслам індывідуальна. У Гродне, Ракаве, Івянцы і іншых гарадах, працавалі нават майстэрні, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца.

Вось што расказвае пра ганчарства аўтар праекта Анатоль Капцюг”: Ганчарства – адно са старажытнейшых рамёстваў, таксама як пляценне з лазы, каранёў дрэў, саломы. У дзяцінстве мне не давялося бачыць, як вырабляецца посуд і іншыя рэчы дамашняга ўжытку з гліны, тады іх ужо куплялі ў крамах. Адбылося гэта на шмат пазней. А разабрацца ў ганчарных справах мне дапамог дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчарык. Як бачыце, прозвішча ў яго таксама адпаведнае.

Гліна, сыравіна для ганчарных спраў, знаходзілася ў наваколлі амаль што кожнай вёскі, прылады працы былі ў кожнай сялянскай гаспадарцы. Рыдлёўкамі капалі гліну, косамі стругалі, перапалены свінец, волава, кавальскую дзындру пераціралі на жорнах (з перацёртага парашку рабілася каляровая паліва). Спачатку вырабы проста ляпілі з гліны, пазней карысталіся ганчарным кругам. Для абпальвання керамікі будавалі невялікую печ-горан з камянёў. Калі вырабаў было не многа, толькі для сваёй гаспадаркі, абпальвалі ў хатняй печы.

У сялянскай сядзібе вырабляліся толькі самыя простыя і неабходныя ў гаспадарцы рэчы, больш складаныя ў вырабе, куплялі на кірмашы ў местачковых рамеснікаў. Гэта вазоны, букетніцы, кубкі, друшлякі. На кірмашы керамічныя вырабы былі прыгажэйшыя і ў больш багатым асартыменце, былі і фабрычныя вырабы.

Апрача ганчарства сялянскія сем’і займаліся пляценнем. З каранёў маладой сасны плялі кошыкі для бульбы і збору грыбоў, калыскі – люлькі для немаўлят. З лыка, кары маладой ліпы, рабілі лапці – найлепшы абутак для сенакосу, розныя корабы і каробкі. Спадручным матэрыялам была і салома, лён. З льнянога валакна плялі вяроўкі. Апрацоўвалі і скуру, воўну.

Побач з дарослымі заўсёды знаходзіліся дзеці. Малодшыя з цікавасцю назіралі, большыя дапамагалі ў рабоце. Такім чынам майстэрства і традыцыі рамёстваў перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Многае захавалася да нашага часу, бо матэрыялы для рамёстваў прыродныя, лёгкадаступныя, растуць у лесе, на полі, на берагах рачулак і то і пад плотам. Дзеці ведаюць, што зробленае сваімі рукамі самае лепшае і прыгажэйшае.

Нядаўна даведаўся, што грыбоў у лесе раней было шмат, таму што збіралі іх у кошыкі і, ходзячы па лесе, рассейвалі споры (насенне) грыбоў. Сёння споры застаюцца на дне пластыкавых вёдзер і пакетаў. Вось як яно!”

Падрыхтавала Марына СЛІЖ.