Сказаць, што гэта быў не наш дзень — значыць, не сказаць нічога. Віталь Казяк сцвярджае: забі мы хаця б палову з момантаў, якія стварылі, — ніхто б нават і не заўважыў тых двух галоў, што ўляцелі ў нашы вароты.
Фарт чарговы раз адвярнуўся ад «Маладзечна». Па змесце гульня была проста выдатная, але праблема завяршэння галявых момантаў перакрэсліла ўсе намаганні нашых хлопцаў не проста не прайграць, а прывесці з Асіповічаў паўнавартасныя тры ачкі.
Віталь Казяк адзначае нестабільнасць маладых форвардаў Сяргея Корсака і Сяргея Космача: у адной гульні згуляюць вынікова, у другой не могуць давесці да лагічнага завяршэння намаганні сваіх партнёраў.
Першы гол мы прапусцілі на 38 хвіліне. Пасля падачы вуглавога не дабраўся да мяча наш варатар Вячаслаў Камінскі, і футбаліст «Асіповічаў» забіў галавой. Перад гэтым была падобная сітуацыя ў чужых варот, калі Ігар Нарожнік не трапіў па варотах саперніка.
У першым тайме гаспадары яшчэ спрабавалі аказваць на нас ціск, а на заканчэнні першай паловы гульні з пяці метраў у варатара «Асіповічаў» прабіў Корсак. Потым ён жа вывеў на забойную пазіцыю Космача, і пасля ўдара Сяргея шлях мячу ў сетку рукой перагарадзіў абаронца. Суддзя быў далёка ад месца парушэння, не бачыў моманта і пенальці не даў. Адыграйся мы ў першым тайме — як бы склалася гульня далей?..
Але непрызначаны пенальці не павінны быў стаць для нас ракавым. У другой палове гульні мы канчаткова ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. Асіповічы падселі. На 56 хвіліне наш капітан Сяргей Дараховіч з левага флангу робіць прастрэл, мяч трапляе ў абаронцу саперніка і рэкашэтам аказваецца ў варотах — 1:1.
Заставалася толькі даціснуць гаспадароў. Мы робім адзін за другім флангавыя перадачы, мяч ледзь не качаецца па лініі асіповіцкіх варот. Толькі нагу падстаў — але і гэтага нашы нападаючыя зрабіць не могуць.
65 хвіліна. Абаронцы сапернікаў выносяць мяч ад сваіх варот. Ён аказваецца ў нашай штрафной. Слава Камінскі не прачытаў сітуацыю, сваечасова не выйшаў і не перахапіў мяч. Нападаючы праціўніка быў больш спрытнейшы — 2:1.
І нават пасля гэтага нічога не было страчана. Мы трывала валодаем ініцыятывай, ствараем адзін момант за другім, а забіць не можам зноў і зноў. Апагеем нешанцавання стала 90 хвіліна, калі пасля чарговага флангавага прастрэлу ў штангу асіповіцкіх варот з метра прабіў Міхаіл Лужынскі.
«Мы з галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой расчараваныя, — кажа Віталь Казяк. — Пра што можна гаварыць, калі пасля матча «Асіповічы» самі здзіўляліся: як гэта яны выйгралі ў «Маладзечна»?»