Дзяржаўтаінспектар райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч расказаў у інтэрв’ю «РГ»: каля 19.45 аўтамабіль «Опель Вектра», якім кіраваў 25-гадовы маладзечанец, рухаўся па вуліцы Сухая ў бок вуліцы Шаранговіча. Ішоў дождж, дарога была слізкая. Вадзіцель не ўлічыў складаныя ўмовы надвор’я, няправільна выбраў хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем і ўдарыўся ў аўтапрычэп, які стаяў на правай абочыне па ходу руху «Опеля».

У выніку здарэння кіроўца легкавушкі атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і пералом касцей носа. Таксама закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы атрымалі пасажыры «Опеля» — 25-гадовая жанчына і 29-гадовы мужчына. Акрамя гэтага ў жанчыны пералом звода чэрапа, у мужчыны — пералом правага локця і вывіх правага пляча.

Усіх пацярпелых адвезлі ў траўматалагічнае аддзяленне раённай бальніцы. Следчы аддзел райаддзела міліцыі па факце здарэння праводзіць праверку.

Сяргей ЗЯНЬКО.