Пра тое, што ў Кавалях гарыць жылы дом, выратавальнікам паведамілі суседзі ў дзевятнаццаць хвілін на першую гадзіну ночы, расказаў у інтэрв’ю «РГ» інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду Алег Грыневіч. На месца выехалі чатыры падраздзяленні выратавальнікаў, таму што, па сведчанні суседзяў, у доме маглі знаходзіцца тры чалавекі.

З агнём пажарныя змагаліся больш за гадзіну. Калі патушылі, у доме знайшлі цела 49-гадовай гаспадыні. Яе сын паспеў выскачыць з палаючага дома. Ён расказаў: пажар мог пачацца з-за таго, што яны з маці забыліся выключыць электрычную плітку. Яшчэ адзін сын гаспадыні не пацярпеў, бо ў гэту ноч начаваў у суседзяў. Плітку, магчымую прычыну ўзгарання, выратавальнікі канфіскавалі як рэчавы доказ здарэння.

Акрамя гэтага пажару, на выхадных у Вілейцы і раёне было яшчэ тры. Ноччу 13 чэрвеня ў вёсцы Скарада Альковіцкага сельсавета з-за парушэння правілаў пячнога ацяплення згарэла лазня, раніцай 14 чэрвеня ў Іжы з-за неасцярожнасці гаспадыні згарэла летняя кухня і ў гэты ж дзень у 11.44 нехта спаліў гараж у пасёлку Чапаева ў Вілейцы.

Сяргей ЗЯНЬКО.