Скандалілі ад 18.30 да 19.35 і паведамлялі пра гэта па тэлефоне 102. Усе скандалы адбываліся не на вуліцы — у дамах і кватэрах віляйчан, а адзін — у дзіцячым садзе.

Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык жартуе: ва ўсім вінаваты дождж, які ішоў у суботу ў Вілейцы. Маўляў, на вуліцу не выйдзеш, заняцца няма чым, вось і забаўляўся народ, як умеў.

Пазваніла на 102 жанчына. Паскардзілася, што п’яная сястра перашкаджае ёй адпачываць ва ўласнай кватэры. Зрэшты, адзначае Андрэй Дударчык, і сама заяўшчыца была не сказаць, каб цвярозая.

А жыхару вёскі Ручыца перашкаджала адпачываць дзяўчына, якая невядома навошта зайшла да яго на падворак. Ды не адна, а з сабакам!

У Куранец да бацькі прыехала дачка. Нешта ёй не спадабалася, і яна ў бацькоўскай хаце павыбівала шыбы. Пакрыўджаны бацька вымушаны быў звярнуцца да міліцыянераў.

На вуліцы Незалежнасці ў Вілейцы — наадварот. П’яны бацька прыйшоў да дачкі і папрасіўся пажыць у яе да самай смерці. Такая перспектыва дачку не задаволіла, і ўчастковы вымушаны быў ратаваць яе ад назойлівага таты.

Жыхарка кватэры аднаго з дамоў па вуліцы Савецкая прыйшла дамоў і ўбачыла, што на яе лесвічнай пляцоўцы спіць незнаёмы мужык. На заўвагу, што лесвічная пляцоўка — не месца для адпачынку, мужык адказаў нецэнзурнай лаянкай.

Сварыліся суботнім вечарам на Вілейшчыне суседзі і суседкі, сваякі і проста знаёмыя, але адна нецвярозая віляйчанка перасягнула ўсіх. Яна зайшла на тэрыторыю дзіцячага садка і вельмі расстроілася, што дэкаратыўны драўляны домік стаіць не на сваім месцы. Узяла яго і перанесла туды, дзе, па яе меркаванні, ён глядзіцца нашмат лепш. А потым доўга і настойліва тлумачыла выхавацелькам, што ў дызайне і размяшчэнні домікаў яны нічога не разумеюць. Рассудзіць спрэчку госці з работніцамі садка зноў жа прыйшлося міліцыянерам.

«Здаецца, дробязі гэта ўсё, сур’ёзных здарэнняў у горадзе і раёне ў выхадныя не было, але ж гэта не значыць, што ў нашых супрацоўнікаў не хапала работы. Што з людзьмі зрабілася: ці то лічба «13» на іх паўздзейнічала, ці то камета якая нядобрая над Вілейкай пралятала… Хто ж ведае?», — сказаў у інтэрв’ю нашаму выданню Андрэй Дударчык.

Сяргей ЗЯНЬКО.