Інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч расказаў у інтэрв’ю нашаму выданню, што ў сераду, 17 чэрвеня, у вёсцы Калодчына Ільянскага сельсавета загарэўся жылы дом. Паведамленне пра ўзгаранне на пульт дзяжурнага выратавальніка паступіла ў 10.53.

Пажарныя, якія прыехалі на месца здарэння, калі справіліся з агнём, высветлілі: гаспадары палілі печ, і пажар узнік з-за няспраўнасці пячнога ацяплення. У выніку агнём былі пашкоджаныя два пакоі дома.

Жыхары вёскі Папоўцы Нароцкага сельсавета патурбавалі супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях у 3.35 ночы ў чацвер, 18 чэрвеня. Тут з-за неасцярожнага курэння 34-гадовага сына гаспадара аднаго з прыватных дамоў згарэлі дзве паветкі і гараж, якія стаялі пад адным дахам.

Сяргей ЗЯНЬКО.