На месца здарэння выязджаў старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Дзяніс Іваноўскі. Ён расказаў у інтэрв’ю нашаму выданню: можна меркаваць, што рыбак з вудачкай сядзеў на беразе. Магчыма, у яго прыхапіла сэрца, ці па нейкай іншай прычыне ён упаў у рэчку. На беразе ракі холадна, на пацярпелым было шмат аддзення. Яно і пацягнула мужчыну пад ваду.

Калі гаспадар не прыйшоў з рыбалкі дамоў, сваякі пазванілі ў міліцыю. Каб прыняць ад іх заяву аб знікненні, у Раёўку выехала оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Ларыса Кацялоўская. Яна спытала сваякоў: ці шукалі яны зніклага ля рэчкі? Тыя адказалі, што шукалі, але не знайшлі.

Ларыса Кацялоўская настаяла, каб агледзелі рэчку яшчэ раз, і сама ж убачыла цела ў вадзе. На лодцы яго перавезлі на бераг.

Па словах дзяржаўнага медыцынскага судовага эксперта Аляксея Гіля, які таксама выязджаў у Раёўку, смерць наступіла ад таго, што мужчына захлынуўся ў вадзе. Прыкмет крымінальнай смерці на целе не знайшлі. Гэта быў проста няшчасны выпадак.

Сяргей ЗЯНЬКО.