20 чэрвеня ў вёсцы Камарова каля Свіра ў пяты раз прайшло свята “Кола дзён”. Цэнтральнай дзеяй тут была выстаўка-кірмаш народных рамёстваў і промыслаў.

Але ўпершыню яно набыло агульнанацыянальнае гучанне.

На ім удзельнічалі прадстаўнікі з усіх абласцей Беларусі.

– Звычайная, здавалася б вёска, – сказала карэспандэнту “РГ” жыхарка Вілейскага раёна Галіна, – але тут усё так цікава. І гэты старажытны парк, і старыя пабудовы, якія набылі новае жыццё – усё стварае выдатны настрой.

Арганізатарам імпрэзы выступіў Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва ў Камарове. Цэнтр створаны ў 2004 годзе пры падтрымцы праграмы прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Ініцыятарам стварэння гэтага цэнтра быў у свой час дырэктар Свірскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Эдуард Вайцяховіч.

Сёння Цэнтр вядомы далёка за межамі Мядзельшчыны. Ён становіцца сапраўдным асяродкам развіцця сельскага бізнэсу ў нашым рэгіёне. Сведчаннем гэтаму і круглы стол “Дыялог бізнэсу і ўлады: роля інфраструктуры ў развіцці малога бізнэсу”, што прайшоў у Камарове ў межах свята “Кола дзён” і ў якім прынялі ўдзел і прадстаўнікі мясцовага і сталічнага бізнэсу, улады.

У праграме свята акрамя выстаўкі-кірмашу, круглага стала, быў таварыскі матч па футболе, выступленне народнага вакальнага ансамбля эстраднай песні “Правінцыя” з Мядзела, гульні для дзетак, выступленні вакальнага ансамбля “Сяброўкі” з Мядзела, узорнай студыі “Экспромт” з Вілейкі, эстраднай групы “Спяваючыя лэдзі” з Астраўца, выступленні самадзейных артыстаў са Свіра і Камарова. І танцы. Да глыбокай, хаця і кароткай, самай кароткай сёлета ночы.

 

Публікуем фотарэпартаж са свята, на якім пабывалі нашы карэспандэнты.

“Кола дзён” сабрала гасцей у пяты раз.

Выдатны настрой.

Майстры дэманстравалі сваё ўменне ўжывую.

Ля ганчарнага круга круцілася дзятва…

На адной з вуліц Камарова – даўнешая вёска Куцькі.

На свята прыехалі госці з усіх куткоў Беларусі, Расіі, Літвы.

Надзя заклікала пакупнікоў на камароўскі хлеб.

Чарга за гарачым хлебам ля дзвярэй пякарні.

Хлеб.

Хараство з бісеру.

Прыгажуня з саломкі.

Кавальства – у руках маладых.

Караліна і Янка. Былыя настаўнікі, жыхары Камарова Караліна і Іван Драўніцкія. Янка Драўніцкі, які прыехаў сюды на працу ў 1958-м, стаў летапісцам гэтых мясцін. Дзякуючы Драўніцкаму зберагаецца памяць аб мінулым вёсак Камарова, Куцек, сядзібы Хамінскіх і Старжынскіх, наваколля.

Маладзечанскія майстры прапануюць свае работы.

Лапцікі са Слоніма.

Вячаслаў з Крычава паказвае свае свістулькі.

Браслаўскія жарты.

Перакус.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ. Фота аўтара.

Даведка “РГ”

Сядзібна-паркавы комплекс Хамінскіх і Старжынскіх. Знаходзіцца на тэрыторыі вёскі Камарова на Мядзельшчыне. Захавалася частка парка, пабудовы. Сёння на яго тэрыторыі знаходзіцца Свірскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, а таксама Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова”.