Сяргей Корсак за пяць хвілін тройчы прымусіў варатара гаспадароў даставаць мяч з сеткі ўласных варот.

«Гульня ў Віцебску была, бадай, самая горшая ў гэтым сезоне, — сказаў у інтэрв’ю «РГ» Віталь Казяк. — Але, відаць, у Віцебска было яшчэ больш праблем, чым у нас, калі мы выйгралі».

У матчы па розных прычынах не гулялі нашы вопытныя абаронцы Дзмітры Касцюк, Станіслаў Баламут і Павел Суман. Не было таксама футбаліста атакі Аляксандра Грыхуціка. Да таго ж, гульня праходзіла на штучным газоне, які так не шануюць маладзечанцы.

Здавалася б, ну ўсё супраць нас. У першым тайме Віталь Чарноў прабіў у штангу. І гэта ўсё, што можна ўспомніць станоўчага ў нашых атакуючых дзеяннях. Зрэшты, не сказаць, каб і «Мясакамбінат» занадта напруджваў варатара Вячаслава Камінскага. Але прызнаем, што шансаў адкрыць лік у першай палове гульні ў гаспадароў усё ж было больш.

Сумныя нулі на табло не змяняліся, пакуль Сяргей Корсак не забіў трэці мяч у вароты віцябчан. Шыльду «0» пад надпісам «Госці» проста не паспявалі замяніць на шыльды «1» і «2». Трэці гол нашага нападаючага нарэшце пераканаў работнікаў стадыёна, што Корсак не жартуе.

51 хвіліна. Сяргей Дараховіч з цэнтра аддае перадачу ў штрафную пляцоўку. Не паспявае яе замкнуць Сяргей Космач, а Корсак другім эшалонам забівае.

54 хвіліна. З фланга ідзе падача ад Віталя Чарнова, і Корсак у падзенні галавой падвойвае лік.

56 хвіліна. Пас з глыбіні поля. Сяргей — першы. Праз варатара ў пустыя вароты. 3:0.

Адзіны мяч прапусцілі на 76 хвіліне. Але, ён нічога ўжо не вырашаў. За пяць хвілін, скарыстаўшы намаганні сваіх партнёраў, нападаючы «Маладзечна», як кажуць футбалісты, «зрабіў гульню». Зрабіў хет-трык. Брава!

Сяргей ЗЯНЬКО.