Пажарныя, якія прыехалі ў Гліннае, высветлілі, што пажар пачаўся знутры дома. Гаспадыня, 72-гадовая пенсіянерка, здолела выратавацца сама. Дакладная прычына пажару на момант напісання матэрыялу вядомая не была. Пажарныя праводзілі праверку. Але, па словах Алега Грыневіча, хутчэй за ўсё, загарэўся летні домік ад няспраўнай электраправодкі.

Пажарныя выратавалі пенсіянера

У райцэнтры на вуліцы Гагарына, 12 каля пяці гадзін раніцы ў сваёй кватэры ледзь не загінуў у агні 73-гадовы гаспадар.

Інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч расказаў у інтэрв’ю «РГ»: пра тое, што на лесвічнай клетцы ля кватэры №54 на Гагарына, 12 смярдзіць дымам, суседзі паведамілі выратавальнікам у чацвер у 5.34.

Гаспадар ледзь не загінуў

Пажарныя прыехалі на месца здарэння, зламалі ў кватэры дзверы і на падлозе ўбачылі гаспадара, які жыў адзін. Выклікалі «хуткую дапамогу». Стан пажылога мужчыны быў вельмі цяжкім, ён учадзеў. Пацярпелага адвезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.

На момант інтэрв’ю з Алегам Грыневічам, каля 9 гадзін 30 хвілін раніцы чацвярга, стан пенсіянера быў сярэдняй цяжкасці. Рэанімацыйныя дзеянні дактароў далі плён. Цяпер жыццю пагарэльца нічога не пагражае.

Па словах Алега Грыневіча, папярэдняя прычына пажару на Гагарына — курэнне гаспадара кватэры ў ложку. У пакоі згарэў матрац і пасцель. Выратаваць мужчыну дапамагло своечасовае паведамленне суседзяў, а таксама аператыўныя дзеянні пажарных і дактароў.

Шкода, нанесеная лямпачкай, — 20 мільёнаў рублёў

У сераду, 22 чэрвеня, гарэў жылы дом у вёсцы Івонцавічы Куранецкага сельсавета. Паведамленне пра пажар паступіла на пульт выратавальнікаў у 15.51. У драўляным доме, абкладзеным цэглай, прагарэла столь, выгараў адзін пакой і кладоўка. Гаспадары своечасова заўважылі ўзгаранне, таму не пацярпелі.

Папярэдняя прычына пажару — электрычная свяцільня. Дакладней — лямпачка ў ёй, яна не была закрытая плафонам. Шкода, якую пажар нанёс гаспадарам, папярэдне ацэньваецца ў 20 мільёнаў рублёў.

Сяргей ЗЯНЬКО.