Высветлілася, што мужчына 3 чэрвеня ўгнаў аўтамабіль»Волга» і катаўся на ім недалёка ад таго месца, дзе 4 чэрвеня была знойдзеная забітай непаўнагадовая дзяўчына.

Начальнік дзяжурнай часці райаддзела міліцыі Ігар Шупенька паведаміў у інтэрв’ю «РГ», што белую «Волгу», якая належыць сельгаскааператыву «Насілава», нецвярозы зламыснік угнаў 3 чэрвеня каля 18 гадзін з двара аднаго з дамоў па вуліцы Чарняхоўскага.

Па папярэдніх дадзеных, вадзіцель сельгаскааператыва не меў намеру скрасці машыну, проста хацеў пакатацца па горадзе. Пасля прагулак на «Волзе» па Маладзечне ён трапіў у поле зроку праваахоўных органаў як чалавек, што, магчыма, мае нейкае дачыненне да жорсткага забойства непаўнагадовай дзяўчыны, якую знайшлі мёртвай 4 чэрвеня вечарам ля чыгуначнага прыпынку «Фестывальны».

Следчы пракуратуры Мінскай вобласці Аляксей Бяляцкі у інтэрв’ю «РГ» 24 чэрвеня заявіў: расследаванне рэзананснага забойства працягваецца. І па-ранейшаму ўся інфармацыя па ім з’яўляецца тайнай следства.

Сяргей ЗЯНЬКО.