Начальнік аддзела кадраў райвыканкама Мікалай Мінец паведаміў у інтэрв’ю “РГ”: на дзяржаўных пасадах Яфім Ідэльчык адпрацаваў 22 гады, што на два гады больш, чым устаноўлены стаж выслугі для дзяржаўнага службоўцы. Па словах Мікалая Мінца, цяпер ужо былы намеснік старшыні райвыканкама у адстаўку падаў добраахвотна.

Праводзячы з пасады Яфіма Ідэльчыка, яму сказалі шмат цёплых слоў, адзначае Мікалай Мінец. Старшыня райвыканкама Генадзь Кучко ўручыў падзяку за шматгадовую добрасумленную працу і вялікі ўклад у развіццё Маладзечанскага раёна.

Па словах Мікалая Мінца, у аддзеле кадраў райвыканкама не ведаюць далейшых планаў Яфіма Ідэльчыка наконт працаўладкавання. Але там упэўненыя, што ў чалавека з такім высокім прафесійным узроўнем праблем з гэтым быць не павінна. Тым больш, што яго ўзрост – 51 год – дазваляе яшчэ працаваць і прыносіць грамадству карысць.

Пакуль невядома, хто зойме пасаду намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы. Па словах Мікалая Мінца, пытанне пра новае прызначэнне будзе разглядацца ў бліжэйшы час. Прызначэнне новага намесніка – прэрагатыва старшыні райвыканкама, але кандыдатура абавязкова будзе ўзгадняцца з Мінскім абласным выканкамам. Працэдура можа доўжыцца ад трох тыдняў да паўтара месяца.

Сяргей ЗЯНЬКО.