Інжынер райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч расказаў у інтэрв’ю «РГ»: збудаванне, у якім размяшчаюцца бар і кухня, займае плошчу каля 300 квадратных метраў. Яно належыць Вілейскаму райспажыўтаварыству. Паведамленне пра ўзгаранне паступіла на пульт выратавальнікаў у 10.24.

Па словах Алега Грыневіча, пажар быў патушаны ў 11.01. Аператыўнай рабоце выратавальнікаў спрыяла тое, што ў Ільі знаходзіцца стацыянарны пажарны пост, а ў 120 метрах ад здарэння — рака. Ваду з ракі перадавалі па пажарных рукавах.

Шкода, нанесеная пажарам — страта чатырох халадзільнікаў, сталоў, крэслаў, мікрахвалевай печы. Алег Грыневіч адзначае, што ачаг пажару быў за барнай стойкай. Улічваючы тое, што рабочы час піцейнага завядзення пачынаецца ў 12 гадзін, прычына ўзгарання дакладна невядомая. Разглядаюцца ўсе версіі — ад няспраўнай электраправодкі да падпалу.

Праверку па факце здарэння, акрамя супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, праводзіць міліцыя.