– Адкуль узялася тэма кнігі?

-У нас шмат людзей, у тым ліку на Маладзечаншчыне, якія прайшлі праз усё гэта. І не ўся яшчэ ведаюць пра іхнія лёсы. Таму з’явілася гэтая тэма, а пасля – кніга.

Але трэба браць глыбей – я пастараўся даследаваць, якая была палітыка Германіі ў дачыненні да савецкіх ваеннапалонных: як ствараліся гэтыя канцлагеры, як людзі ўтрымліваліся, як прыцягваліся да работы, якое было харчаванне, якія былі пакаранні.

Image 398

Трохгадовая Таня побач з целам мамы, якая загінула ў Азарыцкім лагеры смерці. Пасля вызвалення. Сакавік 1944 г. Фота з кнігі.

Печ, у якой фашысты спальвалі людзей. Лагер смерці “Штутгоф”. 9 мая 1945 года, Усходняя Прусія. Архіў “РГ”.

Вызваленыя вязні. 1945. Архіў “РГ”.

– Вы нешта для сябе новае ў палітыцы немцаў для сябе адкрылі, працуючы над гэтай тэмай?

– Адкрыў. Міжнародныя канвенцыі па ваеннапалонных, якія падпісалі і Германія, і Савецкі Саюз, прадугледжвалі, што вайскоўцы бяруцца ў палон дзеля чаго? Дзеля іхняй ізаляцыі, каб яны не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. Але да іх павінны быць гуманныя адносіны. Ніякай дыскрымінацыі, ніякіх катаванняў. А Германія ўсё гэта адкінула ў адносінах да савецкіх ваеннапалонных.

Чаму? Таму што Гітлер лічыў, што вайна супраць Савецкага Саюза носіць нібыта абарончы характар супраць бальшавізму. І таму Германія адкінула усё міжнароднае заканадаўства, лічачы з гэтай прычыны, што на Саветы не павінна распаўсюджвацца моц Жэнеўскай і іншых міжнародных канвенцый.

– Распаўсюджвацца менавіта на савецкіх ваеннапалонных? Гэта таму французы, скажам, ці брытанцы атрымлівалі ў лагерах пасылкі і перадачы, а нашы аб гэтым і не марылі?

– Так. І харчаванне для іх было самае дрэннае, і работы найбольш цяжкія, і здзекі найбольш жорсткімі. І гэта было для мяне адкрыццем.

– Вы гаворыце пра ваеннапалонных, але ж было і цывільнае насельніцтва.

– Гаворыцца пра ваеннапалонных, але практыка ў дачыненні да савецкіх ваеннапалонных распаўсюдзілася і на цывільнае савецкае насельніцтва. Хаця ёсць і такія выказванні маіх суразмоўцаў, якія гаварылі, што да іх ставіліся нядрэнна. Але гэта тыя, хто працаваў на прымусовых работах. Да тых жа, хто трапляў у канцлагеры – было рэзка адмоўнае стаўленне.

– Барыс Венядзіктавіч, а ў вас не было такога адчування, што трэба хутчэй паспець зрабіць сваю работу, бо гадоў праз пяць можа быць ужо позна?

– Безумоўна. Гэта балючая тэма – сустрэчы з былымі нявольнікамі. Гэта самае складанае. Распытваць, як браліся людзі ў палон, як этапіраваліся. Людзі прайшлі праз такія жахі, такія пакуты, што яны часам не маглі гаварыць. Іх душылі слёзы. Ведаеце, і мне пасля гэтай сустрэчы трэба было некалькі дзён адыходзіць. Таму што ўваходзіш у жыццё гэтага чалавека, у яго пакуты, прымаеш і нешта на сябе. І гэта надзвычай цяжка.

А некаторыя проста не маглі гаварыць. Проста не маглі гаварыць.

Вера Пятроўна Ермаковіч, яна ў Канюхах жыве, прайшла праз Асвенцым, Берген-Бельзэн. Пра яе зусім трошку ў кнізе напісана. Таму што яна не магла гаварыць.

Нешта яны і забыліся. І недакладна могуць назваць горад, дату. І мне прыйшлося па літаратуры, па энцыклапедыях удакладняць. Але самае цяжкае, што людзі не маглі гаварыць.

У гэтым была складанасць. Не ў тым, што трэба было ездзіць, у Гарадзілава, у Вялікае Сяло… Цяжкасць у самім факце сустрэчы.

Тры чалавекі ўвогуле не захацелі пра сябе расказваць. Увогуле. Я прыязджаў, але яны адмаўляліся: – Я не хачу, няхай гэтага не будзе… Не хачу я варушыць, не хачу яшчэ сабе на душу, мне гэта цяжка.

– Для вас вайна асабіста нешта значыць?

– У мяне тата быў у палоне. Ён служыў у польскай арміі, калі пачалася другая сусветная вайна. Нехта апынуўся ў савецкім палоне – пасля ў арміі Андэрса, нехта – у нямецкім. Мой тата – у нямецкім. Было цяжка, казаў, што шукаў у карыце бульбу, што пасля свіней засталася – ухопіш, дык нешта з’ясі.

– Да польскіх грамадзян немцы як ставіліся. Прыкладна так як і да савецкіх?

– Мне здаецца, што да савецкіх – горш. Я так зразумеў. Хаця да палякаў яны таксама ставіліся блага. А да заходніх, тых самых французаў, у немцаў было такое цывілізаванае стаўленне, прывілеяванае. Да савецкіх палонных, да яўрэяў, цыганоў ставіліся блага, да палякаў таксама.

– Самі людзі, тыя, з якімі вы сустракаліся, гаварылі, што да іх немцы ставіліся горш, чым да іншых палонных?

– Не. Яны проста не ведалі. Адкуль жа яны маглі пра гэта ведаць? Гітлер жа спачатку пастанавіў так, што савецкія ваеннапалонныя павінны быць асобна, цалкам ізалявана. Як у рэзэрвацыях нейкіх. А пасля ўжо проста не стала такой магчымасці, дык савецкіх ваеннапалонных пачалі ў іншыя канцлагеры накіроўваць, да іншых. І да работ сталі прыцягваць, хаця спачатку на гэта была забарона Гітлера, каб ні з кім не кантактавалі, і каб дух бальшавізму не перадаваўся.

– Гэта ваша другая кніга. Першая была пра беларусаў, што змагаліся з фашызмам у арміі генерала Уладыслава Андэрса. Якая кніга наступная?

– Пра палітычныя рэпрэсіі. Кузьма Чорны ў сваіх выбраных творах піша пра гэта. Ды і падумаеш. Хто горай адносіўся да зняволеных: немцы, ці саветы?

– І гэтыя апошнія кнігі звязаныя між сабой тэмай жорсткіх адносінаў да людзей?

– Па сутнасці так. Ветэранаў арміі Андэрса за што саслалі ў лагеры? Абсалютна беспадстаўна. За што?

Гутарыў Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Даведка “РГ”.
Барыс Бароўскі, навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея. Кандыдат хімічных навук. Нарадзіўся у вёсцы Быкі (цяпер – Рабінавая) Маладзечанскага раёна ў 1947 годзе. Скончыў Гарадзілаўскую СШ. Выпускнік Саратаўскага ваеннага хімічнага вучылішча, інжынернага факультэта Акадэміі імя маршала Цімашэнкі, Акадэміі кіруючага інжынернага складу ў Маскве. Працаваў у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце мікрабіялогіі ў г. Кіраў, у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце ў Шыханах (Саратаўская вобласць), выкладчыкам, старшым выкладчыкам, узначальваў кафедру ў Саратаўскім вышэйшым ваенным вучылішчы інжынернай абароны. Ад 1993 года – на радзіме. Працаваў на розных пасадах у выканаўчай уладзе, адукацыі, грамадзянскай абароне. Цяпер – у Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне. Тэмы навуковых зацікаўленняў – роля беларусаў у Арміі Андэрса, палітыка Германіі ў дачыненні да савецкіх ваеннапалонных, ахвяры палітычных рэпрэсій.