Уладзімір у інтэрв’ю «РГ» расказаў: «Здарэнне адбылося на пачатку другой гадзіны ночы. Я ехаў на службовай машыне. Раптам насустрач выйшла жанчына, яе твар быў у крыві. Яна расказала: толькі што на яе напаў мужчына. Ён падышоў, патрабаваў аддаць сумачку. Калі жанчына адмовілася, нападальнік ударыў сваю ахвяру галавой у твар і выхапіў сумачку з рук».

Па словах Уладзіміра Шчэбета, грабежнік не паспеў далёка ўцячы, хаваўся ў цемры. Участковы затрымаў яго, пасадзіў у машыну і адвёз у райаддзел міліцыі. Падчас затрымання супраціўлення зламыснік амаль не аказваў. Толькі крыху паўпіраўся.

У райаддзеле высветлілі, што ў сумачцы абрабаванай знаходзілася 15 600 рублёў, касметыка і пашпарт. Агульная сума нанесенай шкоды склала 110 000 рублёў. Злачынцам аказаўся 46-гадовы маладзечанец. Міліцыя ўзбудзіла справу па другой частцы 206 артыкула Крымінальнага кодэкса — «Грабеж, здзейснены з прымяненнем насілля».

Сяргей ЗЯНЬКО.