Пра тое, што прыкладна 10-20 жывёлін вось-вось выйдуць на дарогу, каля 1 гадзіны ночы ў міліцыю паведаміў вадзіцель, які праязджаў міма. На месца на машыне адразу выехалі два супрацоўнікі ДАІ.

«Нашы выехалі, убачылі, што каровы ходзяць па адкосе дарогі і збіраюцца выйсці на праезную частку. Гэта, канешне, магло стварыць аварыйную сітуацыю, — расказвае ў інтэрв’ю «РГ» намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык. — Міліцыянеры адагналі кароў ад транспартнага палатна, папасвілі іх трошкі», — усміхаецца міліцыянер.

Потым адзін з супрацоўнікаў ДАІ ўспомніў, што побач знаходзіцца паша сельскагаспадарчага кааператыва «Новая Любанія». Пагналі жывёлін туды. Сельгаскааператыву яны і належалі.

«Звязаліся з прадстаўніком «Новай Любаніі», — не без гумару працягвае расповед намеснік начальніка РАУС, — і паведамілі, што іх каровы толькі што мелі намер здзейсніць акт масавага суіцыду шляхам кідання пад колы аўтамабільнага транспарту».

Рагуль даішнікі вярнулі ў сельгаскааператыў, пераканаліся, што ўсё у парадку, і паехалі па сваіх міліцэйскіх справах. Уся аперацыя заняла 30-40 хвілін.

Міліцыя, па словах Андрэя Дударчыка, не высвятляла, якім чынам каровы апынуліся ў патэнцыйна небяспечным для іх месцы. Усё абышлося добра, здарэння не адбылося, і разбірацца, хто не дагледзеў за жывёлай, — унутраная справа сельгаскааперыва «Новая Любанія».

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Bymedia.net