Да шасці месяцаў арышту прыгаварыў 7 ліпеня раённы суд 21-гадовага грамадзяніна Літвы, жыхара вёскі Кракоўка Ашмянскага раёна, за ўхіленне ад мытных плацяжоў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Суд устанавіў, што на працягу 2008-2009 гадоў абвінавачаны незаконна перагнаў з Літвы ў Беларусь і прадаў 24 аўтамабілі. Памочнік пракурора раёна Аляксандр Пуцілоўскі, які падтрымліваў абвінавачанне ў судзе, расказаў у інтэрв’ю «РГ», што, акрамя зняволення, асуджаны павінны выплаціць па іску Ашмянскай мытні больш за 286 мільёнаў рублёў — шкоду, нанесеную нявыплатай мытных пошлін.

Паводле праведзенага расследавання, вынікі якога пацвердзіліся ў судзе, малады мужчына ганяў з Літвы машыны па «зялёным канале» без аплаты пошлін і без права перадачы аўтамабіляў у Беларусі іншым асобам. Пасля перагону праз мяжу машына знікала на тэрыторыі нашай краіны. «Гоншчык» на аўтобусе ці на машыне разам са знаёмымі вяртаўся ў Літву за новым аўтамабілем, які, перагнаўшы, зноў прадаваў. І гэтак далей.

Па словах Аляксандра Пуцілоўскага, здараліся выпадкі, калі за адзін заход у Беларусь прыганяліся два альбо тры аўто. «Гоншчыку» дастаткова было, прадаўшы машыну ў Беларусі, пад’ехаць да мяжы, перасекчы яе, каб зноў вярнуцца назад ужо на іншым аўтамабілі. Тут машыну ўжо чакалі, забіралі, а літовец вяртаўся назад і паўтараў сваю аперацыю.

Следства ўстанавіла, каму былі прададзеныя толькі чатыры перагнаныя машыны. Іх праваахоўныя органы канфіскавалі. Астатнія 20 легкавушак зніклі, бо былі прададзеныя «неўстаноўленым асобам». Але сведкі па справе казалі, што набывалі нашы грамадзяне ў літоўца недарагія аўто, каб пасля разабраць іх на запасныя часткі. Старыя машыны пакупнікі пераганялі ў Мінск, Брэст.

Як адзначае Аляксандр Пуцілоўскі, маркі аўтамабіляў, якімі незаконна гандляваў «гоншчык», былі розныя. Большасцю попытам карысталіся «Мэрсэдэсы», «Фольксвагены» і БМВ.

Спыніў незаконную дзейнасць жыхара Ашмянскага раёна Дэпартамент фінансавых расследаванняў Смаргонскага раёна. Са Смаргоні матэрыялы перадалі ў Ашмянскую пракуратуру, якая праводзіла расследаванне злачынстваў і давяла справу да суда.

Іск Ашмянскай мытні ў 286 мільёнаў нявыплачаных мытных пошлін суд таксама задаволіў. Пад арыштам, пакуль ішло следства, абвінавачаны знаходзіўся ад 28 мая. Тэрмін зняволення ад моманту арышту да прыгавору суда быў залічаны у агульны тэрмін пакарання. Такім чынам, асуджанаму ў выпадку, калі прыгавор уступіць у законную сілу, прыйдзецца правесці за кратамі яшчэ крыху больш за чатыры месяцы і кампенсаваць мытні больш чым чвэрцьмільярдную шкоду.

У Кракоўцы мужчыну дома чакае маладая жонка і дзіця, якому няма яшчэ года.

Сяргей ЗЯНЬКО.