У нядзелю, 5 ліпеня, у Чысці адбыўся разгром. Футбалісты клуба «Маладзечна» ў гульні са сталічнай «Зоркай-БДУ» забілі ў вароты саперніка пяць безадказных мячоў.

Пра крыўднае паражэнне там жа, у Чысці, у першым туры ад «Клечаска», падобна, можна забыцца. На гэты раз вузкая чысцінская паляна, на якой мы так не любім гуляць, стала для нас шчаслівай.

«Зорка», якая перад дванаццатым турам у табліцы апярэджвала маладзечанцаў на чатыры ачкі, была няшчадна бітая. За дзень да гэтага, у суботу, маладзечанцы, гуляючы ў чэмпіянаце вобласці за «Беразінскае» супраць «Забудовы», прызвычайваліся да чысцінскага поля. Як высветлілася, рэпетыцыя аказалася ўдалай.

Трэнер нашай каманды Віталь Казяк у інтэрв’ю «РГ» сказаў, што і з саставам яны з галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой таксама не памыліліся. У асноўны састаў з першых хвілін гульні было вырашана паставіць вопытнага нападаючага Аляксандра Грыхуціка.

Па словах Віталя Казяка, ва ўмовах вузкага поля ўменне Аляксандра ствараць гол з нічога, яго галявое чуццё аказаліся вельмі дарэчы. Роўнай гульня была толькі першыя хвілін 20. Мінчане яшчэ супраціўляліся. У першай палове гульні маглі забіць той жа Грыхуцік, Віталь Макрыцкі, Міхаіл Лужынскі.

Пасля ўдару Макрыцкага мяч з-пад перакладзіны выцягнуў варатар гасцей, а ўдар Лужынскага аказаўся недакладным. У цэнтры поля гульню ў сваіх руках трымалі паўабаронцы Яўген Курловіч і Дзмітры Касцюк.

Першы гол Грыхуцік забіў на 39 хвіліне. Галявое чуццё не здрадзіла Сашу. Выкарыстаўшы прастрэл партнёра, ён прабіў, і мяч аказаўся ў варотах. Першы тайм завяршыўся з лікам 1:0. На другую палову гульні нашы выйшлі з вялікім жаданнем. Нават балельшчыкі, якія з-за пастаянных раз’ездаў каманды забыліся, як яна выглядае, казалі, што ў хлопцаў гараць вочы.

Другі гол заляцеў у сетку мінскага галкіпера на 57 хвіліне пасля прыгожай камбінацыі. Курловіч перавёў мяч на капітана Сяргея Дараховіча, той — далей на фланг на Макрыцкага, Віталь — на далёкую штангу сталічных варот, а Грыхуцік зноў апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час і галавой аформіў дубль.

На 71 хвіліне сапернікі сфалілі на Дараховічы. Капітану ў гэтай гульні асабліва даставалася. А далей была дамашняя загатоўка. Са штрафнога пайшла перадача на Касцюка, Дзіма прастрэльвае ўздож варот, рыкашэт і — 3:0.

Гульня была зробленая, нашы правялі замены, выйшлі «свежыя» Сяргеі, Космач з Корсакам. І ў кампенсаваны час, на 91 і 93 хвіліне адпаведна, правялі яшчэ па голу. Віталь Казяк спадзяецца, што нестабільнасць у гульні маладых нападаючых скончыцца, а забітыя мячы ў гульні з «Зоркай» нададуць ім упэўненасці.

Падарунак камандзе і сабе на дзень нараджэння зрабіў наш варатар Вячаслаў Камінскі, адстаяўшы гульню «на нуль». Зрэшты, па справядлівасці кажучы, і работы ў яго было няшмат.

Калі здаваўся гэты матэрыял, у сераду, 8 ліпеня, нашы гулялі ў Калінкавічах з «Вертыкаллю». Яшчэ адзін вельмі прынцыповы і цікавы матч. А ў нядзелю, 12 ліпеня, у 1/32 фіналу кубка Беларусі ў Чысці прымаем каманду першай лігі «Хімік» са Светлагорска.

Сяргей ЗЯНЬКО.