Бабуля, што сядзіць крышку воддаль, любуецца сабранымі на дачы клубніцамі. “Валі адсюль”, — раптам раздаецца чыйсьці незадаволены голас. А праз некалькі хвілін на гарызонце з’яўляецца і яго ўладальніца.

Кінуўшы ў злосці на сядзенне сумку, дзяўчына літаральна валіцца на яго і сама. Абхапіўшы рукамі галаву, хістаецца з боку ў бок, штосьці сама пра сябе гаворыць. Мне яе шкада. Бабулі, што была ўвесь час занятая клубніцамі, напэўна, таксама. Паклаўшы на руку дзве вялізныя ягады, яна з крыху няёмкай усмешкай на вуснах устае і ідзе да яе.

Думаю, яна б змагла разважыць тое дзяўчо і нават дапамагчы “высушыць” слёзы. Ды раптам у вагоне зноў нарысаваўся той, каму загадана было “адваліць”. Сеўшы насупраць дзяўчыны, магчыма, гэта была нават яго жонка, ён зноў пачаў штосьці даказваць, махаць, бы крыламі ветранога млына, рукамі.

На чарговым прыпынку хлопец раптам ускочыў і, хістаючыся, пабег да выхаду. Пакуль яго спадарожніца зарыентавалася, дзверы электрычкі зачыніліся і яе каханне засталося ў Вязынцы.

Яна ўжо не плакала, яна рыдала і, прыціснуўшы да грудзей сумку, пабегла ў тамбур. “Не дурніся, — крыкнула ёй наўздагон бабуля, — нічога з ім не зробіцца. Пасядзіць у цяньку і наступнай электрычкай прыедзе дадому. Ты што, пойдзеш да яго па шпалах?”

Яна б пайшла. Каб раптам з супрацьлеглага канца вагона не выпаўз яе каханы. “Во дзе зараза, — умяшаўся ў канфлікт маладых нейкі мужчына, — гэта ж ён яе так напужаць вырашыў. У адны дзверы выйшаў, у другія зайшоў. А гэта бедная тут млее”.

“Божа, як мы ўмеем псаваць адно аднаму нервы, — гледзячы на маладых людзей, думала пра сябе я. Гэта ж трэба, цэлы спектакль разыгралі”. А ён, аказваецца, толькі пачынаўся. Бо дзяўчына ў парыве злосці сумку, якую трымала ў руках, апусціла свайму спадарожніку на галаву. Зразумеўшы, што перайграў, той бухнуўся перад ёй на калені і на ўвесь вагон гучна закрычаў: “Людзі, я прашу ў яе прабачэння”.

“Во даюць!” — абурыўся хлопец, што ўвесь час драмаў, і з цікавасцю пачаў разглядаць маладую парачку. А яны тым часам ужо даверліва шапталіся. “Мілыя сварацца, толькі цешацца”, — глянуўшы ў іх бок, мудра зазначыла бабуля. І, прыхапіўшы сваё вядзерца, села ля мяне.

“Бачыла, вы шкадавалі тую дзяўчыну, — пачала яна размову. – Я вось таксама не стрымалася. Падышла, крыху пагаварыла. У Мінск яны ездзілі, да сяброў. А ён вось крыху перабраў ды прыраўнаваў яе да аднакурсніка”. Бабуля цяжка ўздыхнула, выцерла рукой павільгатнелыя вочы і, як бы між іншым, зазначыла: “У нашай сям’і падобнае ўжо было. Унучка сварылася-сварылася з мужам ды разышлася. Ён цяпер жыве з другой, а яна адна хлопчыка гадуе. Перажывае канешне. Але што ж зробіш, калі ў чалавека вар’яцкі характар. Усё гонар свой паказвала, хацела даказаць, што яна ў сям’і галава, бо адукаваная, інстытут закончыла. Муж пацярпеў тры гады ды пераехаў да бацькоў. Сказаў, што каханне памерла”.

Уздыхнулі мы з бабуляй амаль што адначасова. Яна зноў пачала змахваць з вачэй слёзы, а мне чамусьці ўспомніліся радкі верша: Каханне вас ніколі не падмане

Але й яго не падманіце вы,

Не вінавацьце ні ў чым каханне,

Калі не мелі самі галавы.

Марына СЛІЖ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

, калі не мелі самі галавы