З-за неасцярожнага абыходжання з агнём у пятніцу, 3 ліпеня, загарэўся хлеў у вёсцы Стайкі Альковіцкага сельсавета, а ў лесе ля вёскі Сосенка Касцяневіцкага сельсавета абгарэла жанчына.
Пра гэта паведаміў «РГ» інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Грыневіч. Паводле яго слоў, хлеў у Стайках пачаў гарэць з-за непатушанага акурка цыгарэты, які неасцярожна кінуў гаспадар.

Дзякуючы аператыўным дзеянням выратавальнікаў значнай шкоды агонь не нанёс. Гаспадарчую пабудову патушылі. Выгарала толькі два квадратныя метры даху і паўтара квадратных метра сцяны.

У лесе ля вёскі Сосенка адпачывала 24-гадовая жыхарка горада Заслаўе. Расклала касцёр. З-за неасцярожнасці жанчыны агонь перакінуўся на яе адзенне. У выніку пацярпелая атрымала апёкі 1-3 ступеняў на 15 працэнтах плошчы цела. З апёкамі яе адвезлі ў бальніцу.

Сяргей ЗЯНЬКО.