На традыцыйных спаборніцтвах па начным арыентаванні «Папараць-кветка», якія праходзілі ў ноч на 5 ліпеня ў лесе недалёка ад мікрараёна Вялікае Сяло, маладзечанскую маладую турыстку так напалохалі нейкія жывёліны, што яна вымушаная была сысці з дыстанцыі.

«Любоў вучыцца ў адной з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, — расказаў у інтэрв’ю «РГ» начальнік дыстанцыі і галоўны суддзя спаборніцтваў Ягор Дзмітрачэнка. — Яна адзіная жанчына, якая сёлета прыняла ўдзел у «Папараць-кветцы», таму перамога ў жаночай групе ёй была забяспечаная. Але перапалоханая жанчына не здолела скончыць дыстанцыю з-за жывёлін, якіх раптам убачыла сярод ночы ў лесе».

Па словах Ягора Дзмітрачэнкі, Люба вярнулася з дыстанцыі ўся ў слязах. Расказала: бегла па маршруце, раптам перад сабой у свеце ліхтара ўбачыла вочы нейкіх істот, якія свяціліся. Памеры гэтых істот — прыкладна да пояса чалавека. Яны беглі насустрач Любе.

Турыстка вельмі перапалохалася і пачала ўцякаць, не скончыўшы маршрут. Лес, у якім спаборнічалі турысты, знаходзіцца побач з горадам, таму галоўны суддзя «Папараць-кветкі» мяркуе, што істотамі, якія перашкодзілі маладзечанцы дайсці да канца дыстанцыі, былі бадзяжныя сабакі.

Што тычыцца саміх спаборніцтваў, то з-за дрэннага надвор’я яны сёлета не сабралі шмат удзельнікаў. Да таго ж, спартсменам перашкаджаў зараснік, які ў гэтым годзе вельмі разросся ў лесе.

Першае месца ў спаборніцтвах маладзейшых мужчын заняў кандыдат у майстры спорту Аляксей Мямелаў з Мінска. У спаборніцтвах старэйшых мужчын лепшым стаў Аляксандр Хаўрук з Маладзечна.

Сяргей ЗЯНЬКО.