Газ 66 і Фіят былі прыпаркаваныя ў недазволеным месцы між дамамі нумар 14 і 16. Яны стаялі насупраць адно аднае на абедзвюх бакавінах дарогі. Як стала вядома, ГАЗік быў пакінуты напярэдадні, а вось уладальнік Фіята паставіў машыну, прыехаўшы на абед.

На дарозе сабралася легкавыя машыны, дзве фуры і тры гарадскія аўтобусы. Аўтобусы спазніліся прыкладна на палову маршрута: яны ад’язджалі ад Гагарына тады, калі павінныя былі вяртацца — на плошчу Леніна.

Людзі, ініцыятыўнасць каторых была падагрэтая пагрозай прастаяць паўдня на дарозе, патэлефанавалі ў міліцыю. Інспектар і супрацоўнікі ДАІ прыехалі праз паўгадзіны. Шлях ад вілейскй міліцыі ў іх заняў больш часу, чым у эвакуатара з Маладэчна (20 хвілін). Затор не зрушваўся гадзіну.

За гэты час інспектар паспрабавала даведацца, каму належаць аўтамабілі ГАЗ і Фіят. Аднаго віноўніка затору сабраліся шукаць, даведаўшыся, хто ён, са словаў людзей, што стаялі побач. Апынулася, што ГАЗ чалавека, на якога паказалі, знаходзіцца зусім у іншым месцы і ў амаль непрацоўным стане.

Машыны пачалі раз’язджацца, калі ГАЗ адагналі ўбок, так і не адшукаўшы гаспадара. Уладальнік Фіята прыйшоў сам, зрабіўшы тое, за чым прыехаў — схадзіўшы на абед. І паспеў як раз да моманту, калі эвакуатар забіраў яго машыну.

Гэта быў самы вялікі затор у Вілейцы на памяці аўтамабілістаў. Рух гарадскіх аўтобусаў затрымаўся, людзі спазніліся па сваіх справах. Плюс папсаваныя нервы ўсіх удзельнікаў. Можна пабачыць, наколькі аператыўна спрацавала ДАІ. Паўгадзіны ехалі да месца здарэння, больш за гадзіну вырашалі, што і як рабіць.

Напрыклад, разбіраліся, хто і каму дыктаваў па тэлефоне нумары машын (у міліцыі сказалі, што нумароў у іх няма, таму што ніхто не паведаміў, а апынулася, што іх проста не перадалі ў час куды трэба). І, са словаў сведкаў, гэта хіб не інспектара, а ўсёй сістэмы працы ДАІ, якая ў першым падобным выпадку ў Вілейцы ня здолела спрацаваць хутка і зладжана.

Паводле Vialejka.org

Фота Vialejka.org

Адрас навіны: http://vialejka.org/1829-pershy-goradze-zator.html